БЕЛ Ł РУС

Іранскія ракеты забілі 5 чалавек у Ізраілі, больш за 80 параненыя. Цэлі былі выпадковыя

14.06.2025 / 10:55

Nashaniva.com

Учора неўзабаве пасля 21:00 у Ізраілі загучалі сірэны, неба над Тэль-Авівам і Іерусалімам асвятлілася яркімі ўспышкамі. Іран выпусціў па Ізраілі некалькі ракет: сістэма СПА не змагла перахапіць усе, і некаторыя трапілі проста ў жылыя раёны, піша Bild.

Разбурэнні ў Рамат Гане пад Тэль-Авівам. Фота: Ariel Schalit / AP

У Тэль-Авіве ў выніку атак загінулі пяць чалавек, не менш за 80 паранены, многія — цяжка. Ізраільскія вайскоўцы паведамілі пра чатыры хвалі атак, кожная з якіх уключала дзясяткі ракет.

Удары таксама прыйшліся па жылых дамах у Рамат-Гане, раёне агламерацыі Гуш-Дан на ўсход ад Тэль-Авіва, і ў Рышон-ле-Цыёне.

Учора Ізраіль распачаў аперацыю «Паўстаньлы леў» супраць Ірана каля 2-й гадзіны ночы. Мэтай было знішчэнне іранскай ядзернай праграмы: ізраільскія ВПС нанеслі ўдары па ракетных базах, авіябазах і аб’ектах СПА.

«Калі будзе на тое Божая воля, магутная рука Узброеных сіл Ісламскай Рэспублікі не пакіне гэта беспакараным», — заявіў кіраўнік Ірана, аятала Алі Хаменеі, пасля ўдару Ізраіля.

Іран адрэагаваў праз 18 гадзін, выпусціўшы дзясяткі балістычных ракет па гарадах Ізраіля. Міністр абароны Ізраіля Ісраэль Кац заявіў: Іран «перасёк чырвоныя лініі», адважыўшыся выпусціць ракеты па грамадзянскіх цэнтрах Ізраіля.

Прадстаўнік урада ЗША пацвердзіў, што армія ЗША дапамагала Ізраілю ў адбіцці атак, аднак падрабязнасці пра маштабы дапамогі застаюцца засакрэчанымі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула