БЕЛ Ł РУС

Ініцыятыва Maldzis вяртае старадрук Сімяона Полацкага

14.06.2025 / 13:41

Nashaniva.com

Ініцыятыва Maldzis выкупіла першае выданне «Жазла кіравання» («Жезлъ правленіѧ») Сімяона Полацкага. Гэта адзін з найбольш каштоўных кніжных помнікаў, створаных беларусамі.

«Жазло кіравання» было надрукаванае ў Маскве ў 1667-ым годзе на царкоўнаславянскай мове і належыць да надзвычай рэдкіх артэфактаў. Гэта першая выдадзеная кніга беларускага манаха-асветніка Сімяона Полацкага.

«Асветнік Сімяон Полацкі — постаць агульнаеўрапейскага маштабу і адна з самых яркіх асоб у гісторыі Усходняй Еўропы ў XVII ст. Шмат у чым ягонае жыццё і творчасць (у тым ліку кніга «Жазло кіравання») адлюстроўваюць культурную спецыфіку Беларусі як еўрапейскай краіны з асаблівай ідэнтычнасцю і гістарычнай спадчынай, якая склалася ў выніку сінтэзу традыцый і ўплываў Захаду і Усходу», — кажа кіраўнік ініцыятывы Павел Мацукевіч.

Кніга была набытая ў Польшчы на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў і ў будучыні будзе перададзеная ў Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага ў якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Полацк кніга будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

Апякун ініцыятывы Maldzis Рыгор Астапеня зазначае: «Кніга «Жазло кіравання» з’яўляецца прыкладам багатых традыцыяў палемічнай літаратуры, якая была шырока распаўсюджаная акурат на беларускіх землях. Нашыя продкі менавіта з дапамогай мовы палемічных тэкстаў, а не зброі імкнуліся вырашаць міжканфесійныя канфлікты. У тагачаснай Расеі такой традыцыі не існавала. «Жазло кіравання» лічыцца першым значным палемічным творам у расейскай гісторыі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула