БЕЛ Ł РУС

На «Камунарцы» новы генеральны дырэктар

15.06.2025 / 11:17

Nashaniva.com

На днях калектыву кандытарскай фабрыкі «Камунарка» прадставілі новага генеральнага дырэктара. Ім стаў Аляксандр Нячай, які да гэтага ўзначальваў іншае сталічнае кандытарскае прадпрыемства — «Слодыч», піша Office Life.

Нячай пачаў выконваць абавязкі кіраўніка «Слодыча» ў 2014 годзе. Гэта адбылося неўзабаве пасля скандалу з праслухоўваннем, у якім была замешаная былая дырэктарка прадпрыемства Таццяна Селіх. За 10 гадоў «Слодычу» ўдалося значна павялічыць магутнасці, у тым ліку за кошт далучэння фабрык «Конфа» ў Маладзечне і «Ивкон» у Івянцы.

Зараз Нячай прыйшоў на змену Сяргею Анюхоўскаму. Той узначальваў «Камунарку» з 2021 года пасля паспяховай працы дырэктарам на «Чырвоным харчавіку» ў Бабруйску. У 2019—2024 гадах быў членам Савета Рэспублікі. Год таму «Наша Ніва» пісала, што праз нюансы ў аплаце імпартных тавараў да кіраўніка мінскай кандытарскай фабрыкі ўзніклі пытанні з боку праваахоўных органаў. На гэтым фоне Сяргей Анюхоўскі пачаў часцей з’яўляцца на публіцы. Аднак ягоны акаўнт у інстаграме перастаў абнаўляцца восенню мінулага года.

Напярэдадні кадравага рашэння на «Камунарцы» асабісты прыём грамадзян правёў пракурор Ленінскага раёна горада Мінска Дзмітрый Лук’янаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула