БЕЛ Ł РУС

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

15.06.2025 / 19:36

Nashaniva.com

Ізраіль атакаваў будынкі сілавых структур Ірана, у тым ліку разведкі Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі.

Сёння, 15 чэрвеня, Ізраіль нанёс удар па Тэгеране, сталіцы Ірана.

Атакаваны будынак разведкі Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Скрыншоты відэа

Выбухі прагучалі ў розных частках горада, авіяўдарамі знішчаныя аб’екты міністэрстваў і сілавых структур. Ізраіль атакаваў будынак разведкі Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Пад заваламі шукаюць кіраўніка выведкі Махамада Каземі і ягонага намесніка Хасана Махакекі.

Знішчаныя будынкі сілавых міністэрстваў і Міністэрства юстыцыі, удары наносяцца таксама па вайсковых базах і дамах, дзе пражываюць знакавыя асобы рэжыму.

На кадрах з Тэгерана бачныя патокі вады на вуліцах з разбуранага вадаправода і забітыя дарогі на выезд.

Ізраільская авіяцыя метадычна знішчае аб’ект за аб’ектам, іранская СПА бяссільная.

Ізраільцяне знішчылі самалёт-запраўшчык на авіябазе ў Мешхедзе, самым аддаленым горадзе на паўночным усходзе Ірана, за 2300 км ад Ізраіля.

Авіябаза ў Мешхедзе

Прайшлі непацверджаныя паведамленні і пра гібель кіраўніка паліцыі Тэгерана, які ўзначальваў падаўленне нядаўніх пратэстаў у горадзе.

Іранскія ўлады паведамляюць пра 128 забітых у гэтыя дні і каля 900 параненых.

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху ў інтэрв'ю Fox News заявіў:

«Цяпер я магу паведаміць вам, што некаторы час таму, кіраўнік і намеснік кіраўніка разведкі КВІР былі атакаваныя ў Тэгеране».

Ён выказаўся таксама, што Ізраіль поўны рашучасці завяршыць задачу па ліквідацыі «двайной пагрозы» Ірана, знішчальнікі знаходзяцца ў небе над палаючым Тэгеранам.

Нетаньяху дадаў, што паводле звестак ізраільскай выведкі Іран хацеў перадаць хусітам ядзерную зброю. Ізраільская армія, кажа Нетаньяху, знішчыла рэактар у Ісфахане, без якога немагчыма стварыць ядзерную зброю, а таксама галоўны ядзерны аб'ект у Натанзе.

«І зробім больш, калі спатрэбіцца», — заявіў ізраільскі прэм'ер.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у апошнія пару дзён наклаў вета на ізраільскі план забойства Вярхоўнага лідара Ірана, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў.

Сам Трамп у сацсетцы Truth Social напісаў, што Іран і Ізраіль павінны заключыць здзелку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула