Чаму расіяне аддалі ўкраінцам целы забітых, а тыя — не?
Масква зрабіла з гэтага вялікую тэму для сваёй прапаганды.
Краявід пасля бітвы каля Бахмута, 2023 год. Фота: AP Photo / Alex Babenko
Скончыўся чарговы этап перадачы целаў загінулых вайскоўцаў Расіяй Украіне. Агулам расіяне за перыяд пасля апошніх перамоў у Стамбуле перадалі 6000 целаў. Украінскі бок кажа, што нават уперамежку: расіян і ўкраінцаў. Украінцы не перадалі нікога. Чаму так?
Таму што ўкраінская армія з восені 2024 года толькі абаранялася і адступала. Гаворка ж пра тых ахвяр, целы якіх пасля баёў застаюцца на раней нейтральнай паласе або на новазанятых лініях. А калі лінія фронту паволі-паволі змяшчаецца ва ўкраінскі бок, то і суадносіны адпаведныя.
Страты пры наступе ў пазіцыйнай вайне, якой яна ад канца 2022 года, нашмат большыя ў тых, хто наступае, — асабліва з улікам таго, што поле бою цяпер «прасвечваецца» дронамі.
«Гэта новы тып вайны. 15 км ад лініі фронту — цяпер зона суцэльнай смерці», — адзначыў нядаўна генерал Валер Залужны.
Украіна выбрала тактыку глухой абароны, таму што яна слабейшы бок.
Расійская і лукашэнкаўская прапаганда перадачы целаў надалі вялікую ўвагу. Такім чынам яны спадзяюцца запэўніць насельніцтва: мы перамагаем, вораг нясе вялізныя страты, трэба толькі яшчэ пацярпець. Мядзінскі нават правёў паралель з Паўночнай вайной, якая доўжылася 21 год.
Аднак прапорцыі перададзеных целаў не адпаведныя рэальнаму ўзроўню страт бакоў. Страты расіян нашмат вышэйшыя менавіта таму, што яны вядуць наступальныя дзеянні, а ўкраінцы таму і сядзяць ва ўмацаванай абароне, што маюць менш жывой сілы і берагуць яе.
Расійскія «Медыязона» і Бі-бі-сі з дапамогай валанцёраў вядуць падлік колькасці загінулых на аснове адкрытых крыніц. Па гэтым падліку на сёння вядомыя імёны 112 тысяч забітых. Праекцыі ж агульнай лічбы расійскіх страт, зробленыя на аснове колькасці спраў аб спадчыне, выводзяць на лічбу каля 180 тысяч ахвяр.
Страты ўкраінскага боку дакладна невядомыя. Яны таксама вялізныя, але, хутчэй за ўсё, прыкладна на траціну меншыя за расійскія.