У Кіеве ўжо каля 100 пацярпелых падчас начнога ўдару
«Гэта — чысты тэрарызм», — адрэагаваў Уладзімір Зяленскі.
Фота: УНІАН
«Пакуль дакладна вядома пра 99 пацярпелых у выніку расійскай атакі на Кіеў. 59 — шпіталізаваныя. Паралельна паступае інфармацыя пра тое, што ўжо зафіксавана 104 пацярпелых. Правяраем», — напісаў у тэлеграме кіраўнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Цімур Ткачэнка.
Працягваюцца выратавальныя работы і разбор завалаў, у тым ліку ў Саламянскім раёне, дзе абрынуўся пад’езд шматпавярховага жылога дома, паведаміў Ткачэнка.
Колькасць загінулых засталася ранейшай — 14.
Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што такія атакі — «чыстай вады тэрарызм», і ўвесь свет, ЗША ды Еўропа нарэшце павінны адрэагаваць так, як рэагуюць на тэрарыстаў.
«Пуцін робіць гэта выключна таму, што можа сабе дазволіць працягваць вайну. Ён хоча вайны і далей. Дрэнна, калі моцныя гэтага свету заплюшчваюць на гэта вочы. Кантактуем з усімі партнёрамі на ўсіх магчымых узроўнях, каб была належная адказнасць. Гэта тэрарысты павінны адчуваць боль, а не нармальныя, мірныя людзі», — напісаў прэзідэнт Украіны.