БЕЛ Ł РУС

У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным

17.06.2025 / 14:9

Nashaniva.com

Віталь Драбышэўскі слёзна просіць Лукашэнку выратаваць ягоны бізнэс, але мясцовыя ўлады ўжо разабралі яго павільён і забралі скандальны банэр.

Тут і далей скрыншоты інстаграма Віталя Драбышэўскага

Віталь Драбышэўскі — актывіст грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі», створанага ў снежні 2020 года для падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі. Ён не шкадуе бензіну для ўдзелу ў праўладных аўтапрабегах, а таксама бурна апладзіруе кожнаму, хто кажа: «Лукашэнка — гэта моц свету». Нават у сваім інстаграме Драбышэўскі зрабіў падборку цытат улюбёнага палітыка.

Але адбылася страшэнная памылка. Як тлумачыць Віталь у відэазвароце да Лукашэнкі, яго кафэ «па-бандыцку знішчана» ўладамі Гомеля.

Рэч у тым, што ў Драбышэўскага была кропка каля Цэнтральнага рынка — кафэ «Пінта». Па сутнасці гэта проста намёт з надпісам «Рэчыцкае» і некалькі столікаў побач. Згодна з дакументацыяй — «лёгкатыпны гандлёвы павільён». Месца не пафаснае, але, як кажа прадпрымальнік, прыносіла яму прыбытак.

Першы скандал вакол забягалаўкі Віталя разгарэўся яшчэ ў 2023 годзе. Тады «Флагшток» звярнуў увагу на тое, што гаспадар прычапіў да яе банэр памерам 6 на 3 метры з выявай Сталіна. Праўда, дазволу на размяшчэнне яму ніхто не даваў. Але пакуль мясцовыя чыноўнікі шукалі канцы, гомельскія камуністы ладзілі на фоне Сталіна імправізаваныя фотасэсіі. Напрыканцы лета нелегальны банэр усё ж знік.

Насамрэч, лёс у Сталіна на банэры быў драматычным. Людзі з Гомеля расказалі, што спачатку нехта падпаліў твар дыктатара. Потым неяк ноччу банер таемна знік. Раззлаваны Віталь звяртаўся па дапамогу ў міліцыю, але там нічога рабіць не сталі. У выніку праз скандал мужчына ўсё ж змог забраць сапсаваную маёмасць у гарвыканкаме.

У выніку чыноўнікі вырашылі выгнаць надакучлівага сталініста, але зрабіць усё па законе.

У сацсетках Драбышэўскага можна пабачыць яго перапіску з чыноўнікамі. Калі коратка, гісторыя выглядае так. Прадпрымальнік меў дамову на арэнду зямлі пад павільён з 27 сакавіка 2014 да 25 чэрвеня 2024 года. Летась ён звярнуўся з просьбай працягнуць дамову арэнды, але чыноўнікі дазволілі яму папрацаваць яшчэ толькі месяц.

Афіцыйна Гомельскі гарвыканкам тлумачыў сваё рашэнне так: гэтае месца патрэбна для пашырэння тэрыторыі добраўпарадкавання рынку.

Аднак Драбышэўскі перакананы, што сапраўднай прычынай стаў яго банэр са Сталіным, які раздражняў чыноўнікаў.

Дарэчы, Мінгандлю даходліва тлумачыла прадпрымальніку, што яго палітычны банэр нельга лічыць камерцыйнай рэкламай, бо рэклама — гэта тое, што дапамагае прадаць тавар ці паслугу. А Сталін не мае да яго забягалаўкі ніякага дачынення.

Драбышэўскі неяк нават адлавіў Колю Лукашэнку

Драбышэўскі звяртаўся і да гарадскіх уладаў, і ў адміністрацыю Лукашэнкі. І ўсё без асаблівага поспеху. А ўчора каля яго павільёна, дзе вісеў банэр, з'явіліся рабочыя, якія дэмантавалі ўсё — і намёт, і Сталіна.

«У год 80-годдзя перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі гэтыя людзі зрывалі партрэт Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. Гэтыя людзі разграмілі па-бандыцку працоўныя месцы для нашых суграмадзян», — перажываў Драбышэўскі, запісваючы відэа свайго фіяска.

За тым, што адбывалася, назіралі некалькі міліцыянераў. Прадпрымальнік паспрабаваў заклікаць да іх сумлення, але мужчыны ў форме толькі запатрабавалі перастаць іх здымаць.

Драбышэўскі лічыць, што яго кафэ знішчылі дзеля трох парковачных месцаў. Цяпер просіць Лукашэнку абараніць яго ад свавольства гомельскіх чыноўнікаў.

View this post on Instagram

A post shared by Виталий Дробышевский (@vitali_drabysheuski)

За «патрыёта Беларусі» ўжо ўступілася даносчыца і прарасійская актывістка Вольга Бондарава. Але ж улічваючы той факт, што яна ўжо таксама трапляла за краты праз палітыку, складана сказаць, дапаможа гэта Драбышэўскаму ці наадварот.

Чытайце таксама:

«Патрыётка Беларусі» знайшла прычыну таго, што ў краіне шмат цяжкахворых дзяцей. Гэта гендар-паці

«Адважна выйшлі на перадавую»: як «Патрыёты Беларусі» вучаць школьнікаў любіць краіну

Гомельскага камуніста затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія» рэсурсы — цяпер ён ездзіць па калгасных палях

Каментары да артыкула