БЕЛ Ł РУС

У Барысаве школьнікі кідалі з моста пакрышкі на правады і палівалі іх вадой

17.06.2025 / 18:21

Nashaniva.com

Падлеткаў знайшла міліцыя, іх бацькоў цяпер пакараюць.

Фота: міліцыя Мінскай вобласці

Вечарам 16 чэрвеня ў Барысаве чацвёра падлеткаў 12-13 гадоў вырашылі правесці дзіўны эксперымент. Яны падняліся на аўтамабільны мост над чыгуначнымі пуцямі недалёка ад прыпынка «Печанскі» і пачалі кідаць на правады пакрышкі. Для ўзмацнення эфекту яны чамусьці палівалі шыны вадой. 

Ніхто не пацярпеў, але сілавікі неўзабаве знайшлі падлеткаў. Як заявілі ў міліцыі, за такі эксперымент падлеткі маглі б атрымаць крымінальную справу. Але паколькі яны яшчэ не дасягнулі ўзросту, з якога надыходзіць крымінальная адказнасць, адказваць будуць бацькі. Ім пагражае штраф да 420 рублёў.

Міліцыянеры, у тым ліку прадстаўнікі групы грамадскай бяспекі на транспарце і крымінальнага вышуку, правялі з дзецьмі тлумачальную гутарку. Пасля гэтага яны прыйшлі з лекцыяй у школу, у якой навучаюцца падлеткі.

Школьнікам нагадалі пра адказнасць, прадугледжаную артыкуламі 309 (Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін) і 339 (Хуліганства) Крымінальнага кодэкса, а таксама артыкуламі 18.2 і 18.3 КоАП, якія адносяцца да парушэнняў правіл бяспекі на чыгунцы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула