Гомельскі бізнэсовец-лукашыст, які ваюе за Сталіна, напісаў данос сам на сябе
Віталь Драбышэўскі сам даслаў чыноўнікам раздрукоўкі скрыншотаў незалежных СМІ, за якія можна трапіць на суткі.
Віталь Драбышэўскі і Коля Лукашэнка. Фота з інстаграма Драбышэўскага
Актывіст «Патрыётаў Беларусі» Віталь Драбышэўскі нядаўна страціў сваю забягалаўку. Пра гэту гісторыю «Наша Ніва» распавядала: чыноўнікі не падоўжылі яму арэнду, а яшчэ раней знішчылі вялікі плакат са Сталіным, які вісеў у кафэ.
Драбышэўскі засыпаў скаргамі ўсе інстанцыі і нават запісаў відэазварот да Лукашэнкі, але нічога не дапамагло. А зараз усё выглядае так, што праўладны актывіст увогуле можа атрымаць палітычную адміністратыўку. Прычым фактычна ён сам на сябе напісаў данос.
Вольга Бондарава, якая актыўна падтрымлівае Драбышэўскага ў сацыяльных сетках, апублікавала адказ на адзін са зваротаў Драбышэўскага да чыноўнікаў.
Пра што ішла гаворка ў самой скарзе, не зусім зразумела — мяркуючы па ўсім, ён паскардзіўся на пашкоджанне таго самага плаката са Сталіным. Але Гомельская прыродаахова перадала зварот Драбышэўскага ў міліцыю.
Аказалася, сталініст без цені сумневу прымацаваў да скаргі раздрукоўкі скрыншотаў з сайтаў «Люстэрка» і «Флагшток», нават не абрэзаўшы адрасны радок і лагатыпы. Гэтыя незалежныя СМІ ўлады лічаць «экстрэмісцкімі». За рэпосты беларусаў актыўна садзяць на суткі.
Можна толькі ўявіць, як здзівіліся сілавікі ў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля, калі ім прыйшоў афіцыйны зварот з такімі раздрукоўкамі. І яны адразу ж палезлі ў сацыяльныя сеткі Драбышэўскага.
А там знайшліся падпіскі на іншыя «экстрэмісцкія» старонкі: «Мая краіна Беларусь», «Маланка» і «By soul» (відаць, міліцыянеры мелі на ўвазе BySol). У выніку інспектар папрасіў АУС правесці праверку і, калі што, пакараць праўладнага актывіста за рэпосты і падпіскі.
Драбышэўскі прыдумаў такое апраўданне: ён падпісаўся на «экстрэмістаў» «з мэтай вывучэння дзейнасці і перадачы інфармацыі ў цэнтр х». Але звычайна такія апраўданні для простых прыхільнікаў Лукашэнкі не працуюць. Гэта на сваім досведзе нядаўна адчула і Бондарава.
Чытайце таксама:
У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным
Вольгу Бондараву пасадзілі на 13 сутак
«Адважна выйшлі на перадавую»: як «Патрыёты Беларусі» вучаць школьнікаў любіць краіну