«На бутэрброд без праблем заробіш». Сісадмін распавядае пра 20 гадоў працы на дзяржаўным прадпрыемстве
Сісадмін з абласнога горада Беларусі распавядае, як уладкавана ІТ у дзяржаўным сектары, якія там заробкі і што падштурхнула яго шукаць працу ў Мінску пасля двух дзесяцігоддзяў стабільнасці, піша Devby.io.
«Заробак быў 380 тысяч у 2003 годзе»
Я прыйшоў на сваё цяперашняе месца працы ў 2003 годзе, — кажа Ігар. — Першапачаткова замяняў «дэкрэтніцу». Тады ва ўстанове было каля 10 камп'ютараў і адзін сервер. Выбар спынілі на мне, бо я ўжо меў досвед працы з 1С — кампанія шукала спецыяліста, які мог бы працаваць з гэтым ПЗ.
Дарэчы, ужо тады заробкі былі вельмі добрыя. Пасля першага заробку з жонкай проста не ведалі, куды дзець грошы. Для разумення: гэта быў 2003 год, і пасля 68 тысяч заробак вырас да 380 тысяч (прыкладна $177 па тагачасным курсе). Нават паслаў падалей падпрацоўкі. У 2011 годзе, калі ўсе спрабавалі ўцячы ў Расію ад даляра па 9 тысяч, каб мяне ўтрымаць, мяне павысілі да «вядучага інжынера-праграміста». Заробак таксама стаў максімальным для дзяржаўнай структуры.
Ад прадпрыемства ўдалося пабудаваць кватэру. Заробак у параўнанні з «сярэдняй тэмпературай па бальніцы» — вельмі годны. Памятаю, дырэктар, прымаючы мяне на працу, сказаў: «На машыну ты тут не заробіш, але на бутэрброд з добрай каўбасой — без праблем».
З цягам часу з’явіліся і машына, і кватэра ў крэдыт (выплацілі за 9 месяцаў). Сваю старую захавалі для дачкі. Усё было добра: сям’я, годная праца, павага і сяброўства ў калектыве, дошкі гонару і граматы. Навошта тут мяняць працу — усё класна. Тэхніку таксама набывалі, укараняліся новыя тэхналогіі. Нягледзячы на дзяржаўную структуру, мы ішлі ў нагу з часам.
Ну і за шмат гадоў спрацаваліся ў калектыве, сябруем сем’ямі. Гэта таксама адна з прычын, чаму я так доўга працую на адным месцы.
«Тата, ты сябе недаацэньваеш»
Дачка скончыла БДУІР — можна сказаць, пайшла па маіх слядах. Уладкавалася нядрэнна, працуе ў ІТ-кампаніі. Наша хрушчоўка ператварылася ў кватэру ў «Мінск-Свеце» — без крэдытаў, растэрміноўкі і даўгоў. Лічу, што гэта нядрэнны вынік для сярэдняй беларускай сям’і.
У нейкі момант дачка па заробку перасягнула моцна і маму, і тату. А потым пераехала ў Польшчу. І менавіта яна падказала, што я сябе недаацэньваю. Так я вырашыў упершыню за 20 гадоў выйсці на рынак працы.
Але ўсё не так проста. Сістэмны адміністратар — не такая запатрабаваная прафесія ў маім горадзе, а праграміст па 1С я не вельмі моцны. Шукаў працу ў асноўным на rabota.by, на LinkedIn наогул няма вакансій па маім профілі (прынамсі ў маім горадзе).
Раней шмат было працы на прадпрыемствах, не тое, што цяпер… Ды і не хачу працаваць на заводзе. З Расіяй таксама не хачу мець спраў.
Спецыялістаў не чапаюць, але рабочых накіроўваюць дапамагаць ЖКГ — двары прыбіраць, абочыны гарадскіх дарог касіць, бераг ракі чысціць ад расліннасці, смецця і іншага. Мне такое вельмі не падабаецца. Уявіце, людзі прыходзяць, а замест сваёй працы трэба ехаць у калгас камяні з поля збіраць. Як вам такое?
Магчыма, пераедзем у Мінск — там і вакансій больш, і даччыная кватэра пустуе. Але ёсць нюансы з працай для жонкі — яна начальніца аддзела, у сталіцы ёй будзе складаней знайсці працу, адпаведную яе кваліфікацыі.
Дыскрымінацыі няма
Стаўленне кшталту «ІТ — для 25-гадовых», думаю, больш тычыцца буйных прадуктовых кампаній. Там моладзь — як расходны матэрыял. А сісадміны ў старых пацёртых джынсах — гэта нармальна. Усё ж такі гэта абслуговы персанал, працу якога відаць толькі тады, калі нешта паламалася. Тады сядзіць уся кантора і крычыць, што ў іх тэрміновая праца зрываецца, а пакуль усё працуе — мы бяздзейнічаем.
За 20 гадоў працы мне давялося вельмі шмат самастойна вывучыць і ўкараняць. Таму я ведаю: калі трэба пагрузіцца ў чыстае праграмаванне, то я б вельмі хутка вырас да патрэбнага ўзроўню.
Але працадаўцу патрэбны вопытны праграміст тут і цяпер. А я не хачу нікога падманваць наконт свайго досведу.
Затое ў сісадмінскай справе гляджу патрабаванні ў вакансіях — і разумею: проста з мяне пісалі. Толькі вось у нас у горадзе заробак прапануюць нізкі.
Але я працы не баюся, усё ж такі дзіця СССР. І чужое рабіў, і па начах працаваў. Таму ўпэўнены, што знойду добрую пасаду.