БЕЛ Ł РУС

Вызвалены журналіст «Радыё Свабоды» Ігар Карней

21.06.2025 / 16:46

Nashaniva.com

Пры папярэднім візіце высокапастаўленых амерыканцаў адпусцілі яго калегу Андрэя Кузнечыка.

Ігар Карней

Аляксандр Лукашэнка вызваліў палітзняволенага журналіста Ігара Карнея. Гэта адбылося ў дзень прыезду ў Беларусь спецпрадстаўніка Дональда Трампа Кіта Келага.

Ігар Карней здабыў вядомасць як журналіст «Радыё Свабода».

Ігар Карней нарадзіўся 15 лютага 1967 года ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у шэрагу беларускіх і замежных медыя. Асвятляў тэмы палітыкі, парушэнняў правоў чалавека, а таксама працу сілавых структураў. Вядомы як эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвел-блогер.

Пасля таго, як «Радыё Свабода» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», Карней спыніў супрацу з медыя, аднак заставаўся ў Беларусі.

Карней быў арыштаваны 17 ліпеня 2023 года, неўзабаве пасля пахавання мастака Алеся Пушкіна. Журналісту інкрымініравалі «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Магчыма, фармальнай прычынай пераследу сталі здымкі, зробленыя на пахаванні і пасля апублікаваныя ў незалежных медыя.

22 сакавіка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе быў вынесены прысуд — 3 гады калоніі. Карнея адправілі адбываць пакаранне ў калонію №17 у Шклове.

Журналіста некалькі разоў кідалі ў калоніі ў памяшканне камернага тыпу, а ўрэшце прысудзілі яшчэ 10 месяцаў зняволення за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».

Зімой 2024/2025 Карнея вывозілі ў СІЗА КДБ для запісу прапагандысцкага фільма.

У журналіста і яго жонкі Іны чатыры дачкі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула