БЕЛ Ł РУС

«Фардо больш няма». ЗША нанеслі ўдары па ядзерных аб'ектах у Іране

22.06.2025 / 5:26

Nashaniva.com

«Цяпер Іран павінен пагадзіцца на спыненне вайны», — заявіў Трамп.

Трамп у Сітуацыйным пакоі ў момант, калі наносіўся ўдар па Іране

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што ЗША атакавалі тры ядзерныя аб'екты ў Іране — у Фардо, Натанзе і Ісфахане. Аб гэтым ён напісаў у сацсетцы Truth Social, а пасля заявіў у відэазвароце. Па яго словах, на галоўны аб'ект, Фардо, «была скінута поўная загрузка» бомбаў.

«Мы завяршылі нашу вельмі паспяховую атаку на тры ядзерныя аб'екты ў Іране», — гаворыцца ў допісе амерыканскага прэзідэнта.

Трамп дадаў, што амерыканскія самалёты ўжо знаходзяцца за межамі паветранай прасторы Ірана і вяртаюцца ў ЗША. 

У наступным допісе Трамп заявіў, што гэта гістарычны момант ЗША, Ізраіля і ўсяго свету. «Цяпер Іран павінен пагадзіцца на спыненне вайны», — дадаў ён.

«40 гадоў яны крычалі «смерць» Амерыцы і Ізраілю, забівалі і забівалі, я даўно хацеў пакласці гэтаму канец, мы працавалі з Нетаньяху як адна каманда», — заявіў ён у звароце.

«Хуліган Блізкага Усходу павінен заключыць мір — неадкладна».

«Гэта будзе альбо мір, альбо трагедыя для Ірана. Засталося яшчэ мноства цэляў».

Паводле інфармацыі Axios, ЗША загадзя паведамілі Ізраілю аб падрыхтоўцы да ўдараў па Іране. Адзін з высокапастаўленых ізраільскіх чыноўнікаў паведаміў выданню, што для ўдару былі выкарыстаны бамбардзіроўшчыкі B-2.

У Іране неўзабаве пацвердзілі, што аб'екты ў Фардо, Натанзе і Ісфахане былі атакаваны.

Для ўдару па ядзерным аб'екце ў Фардо ЗША выкарысталі шэсць процібункерных бомбаў. З такім сцвярджэннем выступіў карэспандэнт Fox News Шон Хэніці, які сцвярджае, што размаўляў па тэлефоне з Трампам. Па аб'ектах у Натанзе і Ісфахане былі запушчаны 30 ракет «Тамагаўк» з падводных лодак, дадаў ён. 

Трамп спадзяецца, што ўдар па іранскіх ядзерных аб'ектах прымусіць Тэгеран вярнуцца да перамоваў, таму пакуль ён не плануе новых атак, паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула