БЕЛ Ł РУС

Расія нанесла ракетны ўдар па ўкраінскім палігоне. Ёсць забітыя і параненыя

22.06.2025 / 19:21

Nashaniva.com

У выніку расійскага ўдару па трэніровачным палігоне Узброеных сіл Украіны загінулі як мінімум трое чалавек, яшчэ 11 атрымалі раненні.

Пуск ракеты з Іскандэра. Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведаміла камандаванне Сухапутных войск Украіны.

Паводле інфармацыі прэс-службы, удар быў нанесены ўдзень 22 чэрвеня па палігоне адной з механізаваных брыгад падчас правядзення заняткаў з асабовым складам.

«Дзякуючы своечасова адпрацаваным мерам бяспекі пры атрыманні сігналу паветранай трывогі ўдалося пазбегнуць масавых страт асабовага складу. Аднак, на жаль, ёсць загінулыя і параненыя. Усе пацярпелыя аператыўна атрымліваюць усю неабходную кваліфікаваную дапамогу ў медыцынскіх установах», — гаворыцца ў паведамленні.

Дзе менавіта адбыўся ракетны ўдар, ваенныя не ўдакладняюць. У тэлеграм-канале «Николаевский Ванёк», які звязваюць з адміністрацыяй Мікалаеўскай вобласці Украіны, сцвярджаецца, што гаворка ідзе менавіта пра гэты рэгіён.

Паводле папярэдніх даных, удар быў нанесены ракетай «Іскандэр-М».

Камандаванне УСУ абвясціла пра стварэнне спецыяльнай камісіі, якая зоймецца дэталёвым высвятленнем абставін інцыдэнту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула