БЕЛ Ł РУС

Як сілавікі на чале з Карпянковым крышавалі наркагандляроў і засталіся беспакаранымі

24.06.2025 / 15:18

Nashaniva.com

Журналісты «Бюро» даследавалі 80 тамоў крымінальнай справы, вядомай як «макавая справа», у якой былі асуджаныя 29 чалавек за продаж опіумных наркотыкаў. Падчас вывучэння матэрыялаў высветлілася, што гандаль бубкамі (насеннем маку, забруджаным наркатычнымі рэчывамі) шмат гадоў крышаваўся супрацоўнікамі МУС. Але следства праігнаравала ўсе сведчанні пра гэта.

У 2014 годзе, калі ў Расіі ліквідавалі РУБАЗ — аналаг ГУБАЗіКа, беларускія сілавікі вырашылі ўзяць з калег прыклад, і ў падраздзяленне Карпянкова наляцелі з праверкамі. Абгрунтавалі гэта тым, што яно дублявала іншыя ведамствы. 

Пад пагрозай скасавання ГУБАЗіКа, яго начальнік Мікалай Карпянкоў ініцыяваў «макавую справу» — гучны працэс з масавымі затрыманнямі, заснаванымі на сумнеўнай юрыдычнай падставе.

Як піша «Бюро», сілавікі і суды проста дамовіліся (супраць закону) кваліфікаваць распаўсюд бубак як крымінальнае злачынства.

На дзясяткі чалавек павесілі крыміналкі за, па сутнасці, адміністрацыйныя правапарушэнні — па дамоўленасці паміж сілавымі структурамі і судамі, у абыход беларускага заканадаўства і канвенцыі ААН. Усё дзеля гучнага працэсу, які мог бы дадаць службовых ачкоў Карпянкову. Рэзананс жа іграў на руку не толькі ГУБАЗіКу, але і іншым датычным — Следчаму камітэту і Генпракуратуры.

«Мы ўважліва вывучылі пратаколы і высветлілі, што большасць абвінавачваных працавалі ў асобных невялікіх групах, гандлявалі ў раздроб і не былі знаёмыя адзін з адным. Так, у іх меліся агульныя гуртавікі — але і з іншымі пастаўшчыкамі яны таксама працавалі. Гэта ўсё адно што абвінаваціць у змове ўсіх, хто купляе хлеб у адной краме», — пішуць расследавальнікі.

Абвінавачаныя на допытах расказвалі, што іх крышавалі канкрэтныя сілавікі — следчы ў адстаўцы Анатоль Мазуленя (мянушка Іваныч), намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Аляксей Макурын, супрацоўнікі наркакантролю Дзяніс Валянтовіч, Павел Чачотка і іншыя.

«Трэба было плаціць за кожны раён, каб не прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці», — тлумачыў фігурант «макавай справы» на допыце.

Іншы абвінавачваны расказаў, што падпалкоўнік Мазуленя дапамагаў з прывозам бубак у Беларусь і іх мытным афармленнем на мяжы. За кожны ўвезены кілаграм яму нібыта плацілі па долары. Так Мазуленя зарабіў яшчэ мінімум 20 тыс. долараў.

З паказанняў абвінавачаных таксама вынікае, што з дапамогай Мазулені яны прыбіралі з рынку канкурэнтаў. Знаходзілі кропкі, у якіх іншыя гандляры захоўвалі і збывалі мак, і перадавалі звесткі Мазуленю. Ён паведамляў іх знаёмым міліцыянерам, а тыя ладзілі аблавы. 

Адзін з гандляроў ацаніў кошт міліцэйскіх паслуг Мазулені ў 350 тысяч долараў. Асноўную частку гэтых грошай Мазуленя перадаваў дзейным сілавікам за «спрыянне» наркадзялкам.

Акрамя грошай, міліцыянеры атрымлівалі падарункі і розныя перавагі, уключаючы прэміі за раскрытыя злачынствы.

Падчас расследавання падпалкоўніка ў адстаўцы Анатоля Мазуленю затрымалі і дапыталі. Ён адмаўляў сваё дачыненне, але прызнаў, што больш за 20 гадоў таварышуе з Ігарам Сабалеўскім — галоўным фігурантам «макавай справы». Пасля гэтага Іваныча адпусцілі без выстаўлення абвінавачанняў. Перад судом ён так і не паўстаў.

А вось Наталлі Каралёвай пашанцавала менш, чым калегам. У 2018 годзе яе, на той момант старшую следчую Кастрычніцкага раённага аддзела СК, выклікалі на допыт.

Прычынай сталі паказанні аднаго з абвінавачваных.

Ён сцвярджаў, што яго памагаты меў з Наталляй рамантычныя стасункі. Яна нават нібыта прысутнічала пры фасоўцы бубак на арандаванай кватэры каханка. Тая ўсё адмаўляла. Абвінавачвання Наталлі не выставілі.

Чаму ніхто не быў пакараны

Усе паказанні, якія тычыліся сілавікоў, былі праігнараваныя. Справы супраць іх не распачыналі, тэлефоны не праслухоўвалі, многія працягнулі службу і нават пайшлі на павышэнне. 

У матэрыялах справы былі звесткі, што частку хабару атрымліваў і сам Карпянкоў — нібыта каля 110 тысяч долараў. Адзін з абвінавачваных на допыце сцвярджаў, што Карпянкоў стаяў на вяршыні піраміды размеркавання выплат за «крышу».

Журналіст «Бюро» патэлефанаваў Мікалаю Карпянкову, каб узяць у яго каментар пра «макавую справу». Той адказаў крыкам:

«Што ты за х..ню нейкую нясеш? Заткніся, б..ць! Што ты за даў..ёб? Адкуль ты ўзяўся, б..ць? За «крышу» хабар, б..ць! Ідзі на х..й!»

«Бюро» піша, што пасля «макавай справы» кар’ера Карпянкова вісела на валаску. Здавалася, магчымасцяў для манеўру ўжо не засталося. Аднак у 2020 годзе здарылася непрадбачанае: у Беларусі выбухнулі пратэсты, і рэжыму тэрмінова спатрэбіліся тыя самыя «бязглуздыя людзі», гатовыя на любую жорсткасць. Карпянкоў апынуўся ў першых шэрагах. Патапіўшы вуліцы Мінска ў гвалце і крыві, ён нарэшце атрымаў жаданае — уладу. 

Як і пратэстоўцы ў 2020 годзе, абвінавачваныя па «макавай справе» сталі ахвярамі амбіцый Карпянкова.

Больш падрабязна расследаванне чытайце тут. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула