Як разгул прыроды вярнуў целы Барбары Радзівіл і вялікага князя Аляксандра і чаму таямніцу знікнення іхніх рэгалій змаглі раскрыць толькі цяпер
У 1930 годзе адзначаўся 500-гадовы юбілей па смерці Вітаўта. Яго парэшткі не былі знойдзены, а ўшанаванню ў Вільні перашкодзілі польскія шавіністы. У другой частцы артыкула распавядаем, як у справу ўмяшаліся сілы прыроды і далі надзею аднойчы знайсці магілу славутага князя.
Парэшткі Барбары Радзівіл у каралеўскай крыпце. Малюнак Людаміра Сляндзінскага. Фота: Wikimedia Commons
У папярэдняй частцы артыкула мы распавялі пра складанасці, звязаныя з месцам пахавання Вітаўта і няўдалыя спробы ў міжваенны перыяд ушанаваць яго ў Вільні праз перашкоды з боку польскіх касцельных уладаў.
Паводка
Ёсць нешта містычнае ў тым, як сілы прыроды ў Вільні дапамагаюць выявіць тое, што, здавалася б, немагчыма ўжо адшукаць. У 2016 годзе апоўзень на гары Гедыміна дазволіў выявіць парэшткі паўстанцаў, у тым ліку беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, якія былі адмыслова таемна пахаваныя расійскімі ўладамі. Нешта падобнае адбылося і ў 1931 годзе.
Паводка 1931 года нанесла значную шкоду кафедральнаму сабору, але дапамагла знасці каралеўскія парэшткі. Фота: Wikimedia Commons
У 1931 годзе ў Вільні адбылася вялікая паводка, якая затапіла ўвесь цэнтр горада і Віленскую кафедру. У сценах і столі сабора ўтварыліся вялікія расколіны, правалілася падлога ў капліцы Святога Казіміра. Разбурэнні патрабавалі прыняцца неадкладных мер. Была створана Камісія па захаванні кафедральнага сабора, кіраўніком якой быў выбраны архітэктар і спецыяліст па ахове спадчыны Юліус Клос. Значную частку камісіі складалі сябры камітэта па адзначэнні 500-гадовага юбілею смерці Вітаўта, якія захоўвалі нацягнутыя адносіны з духавенствам пасля іхніх перашкод.
Абследаванне сабора дазволіла праверыць некаторыя здагадкі навукоўцаў. Да расчаравання даследчыкаў пасля раскопак у капліцы Святога Казіміра, дзе правалілася падлога і дзе, як меркавалася, былі пахаваныя дзве каралевы — жонкі Жыгімонта Аўгуста, Лізавета Аўстрыйская і Барбара Радзівіл, выявілася, што там няма падзямелля, а значыць, і каралеўскіх парэшткаў быць не магло.
Тады даследчыкі зачапіліся за фрагмент мураванага падмурка ў цэнтры храма пад цяперашнім прэсбітэрыем (пляцоўка перад алтаром). Лічылася, што гэта падмурак алтара Святога Крыжа, узведзенага Вітаўтам. У падмурку, над скляпеннем барочнай крыпты, якая прымыкала да яе, была арка, закладзеная сярэдневяковай цэглай. Гэта зацікавіла даследчыкаў. Былі праведзены дакладныя вымярэнні, якія паказалі, што розніца паміж гэтым мураваным падмуркам і сцяной унутры барочнай крыпты складае 16 см.
План умацавання падмуркаў вонкавых сцен віленскай кафедры. Крыжыкам у цэнтры пазначана месца, дзе была адшуканая каралеўская крыпта. Каля 1931 г. Фота: lituanistika.lt
Гэта мусіла б азначаць, што пры будаўніцтве крыпты адна яе сцяна была выкладзена ў паўцагліны (так называецца муроўка, калі цэгла кладзецца заўсёды доўгім вузкім бокам, рубам, да паверхні сцяны). Але звонку яны выглядала так, быццам гэта была муроўка ў цэлую цагліну — чаргаваліся рубы і старчакі.
Даследчыкі палічылі, што такая муроўка хавае праём ці нішу ў сярэднявечнай сцяне.
Чарцёж каралеўскай крыпты, выкананы Казімірам Вілкусам.
Здагадка была праверана і вельмі хутка пацвердзілася. Даследчыкі адшукалі ўваход у сярэднявечную крыпту. Справядлівай была і здагадка, што калі крыпта была так добра схаванай, то, верагодна, засталася некранутай з XVII стагоддзя і можа захоўваць нейкія цікавыя знаходкі.
Ход у крыпту, каб правесці замеры, прабілі праз арку, якую бачылі над скляпеннямі. Асобамі, якія першымі ўвайшлі ў пахавальную крыпту, сталі памочнік прафесара Клоса архітэктар Ян Пекша і тэхнік Казімір Вількус. Вількус потым успамінаў:
«Паразважаўшы, мы дамовіліся, што я зайду першым і асвятлю ўваход знутры. Я ўціснуўся першым і асвятліў уваход для Пекшы. Калідор сапраўды быў вельмі вузкі, але я, ідучы паперадзе, асвятляў падлогу, і гэтак мы патрапілі ў невялікі склеп памерам 3х4 м. Перад вачыма паўстаў дзіўны від.
Перад уваходам, у гразі і друзе, у святле ліхтарыка я нешта ўбачыў. Спачатку падумаў, што гэта шлем, але гэта быў чалавечы чэрап з каронай. Я скіраваў святло направа — у куце крыпты, на камені, які тырчаў са сцяны, красавалася карона».
Віленская інтэлігенцыя і духавенства перад уваходам у раскрытую каралеўскую крыпту. 1931. Фота: NAC
Зразумеўшы каштоўнасць знаходкі, Пекша паведаміў пра яе прафесару Клосу і ваяводскаму кансерватару Станіславу Лоранцу, якія зрабілі ўсе неабходныя адміністрацыйныя крокі. А 13-й гадзіне ў крыпту ўвайшлі ксёндз-рэктар кафедры Савіцкі і кіраўнік работ прафесар Юльюш Клос, а таксама Лоранц, Рушчыц, Маралоўскі і Пекша. Яны пацвердзілі, што без усялякага сумнення знойдзены каралеўскія парэшткі. Пра знаходку адразу паведамілі віленскаму ваяводу Зыгмунту Бачковічу і мітрапаліту-архібіскупу Ялбжыкоўскаму. Кафедру зачынілі для наведвальнікаў і выставілі ўзмоцненую ахову, а таксама ганаровую варту, бо пахаванні былі каралеўскія.
Каралеўская крыпта ў віленскай кафедры, выяўленая ў 1931 годзе. Фота Яна Булгака / LVIA
Труна Барбары Радзівіл, якая была накрытая вышытым золатам крыжам. Фота: LDM
У крыпце былі знойдзены парэшткі і пахавальныя знакі ўлады караля і вялікага князя Аляксандра і жонак караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста — Лізаветы і Барбары з Радзівілаў. Труны караля Аляксандра і каралевы Лізаветы ў выніку збуцвення цалкам распаліся.
Як патлумачыў Юліус Клос, пасля кананізацыі Св. Казіміра кароль Жыгімонт Ваза вырашыў пабудаваць уласную капліцу, бо каралеўская капліца стала занадта малой. Ён у 1623 годзе заключыў пагадненне з біскупам Валовічам, паводле якога тагачасную каралеўскую капліцу пакінуў біскупу ў абмен на месца, дзе зараз капліца Св. Казіміра, каб пасля перабудовы падмуркаў уладкаваць пад ёй крыпту.
Парэшткі вялікага князя Аляксандра ў каралеўскай крыпце. Фота: LDM
Парэшткі Барбары Радзівіл з пахавальнымі знакамі ўлады. Фота: LVIA
Труны каралеў Лізаветы, Барбары і караля Аляксандра былі часова перанесены ў сярэдневяковую гатычную крыпту пад галоўным нефам каля прэсбітэрыя. Парэшткі знаходзіліся ў звычайных драўляных трунах, бо лічылася, што гэта часовае сховішча. Потым, верагодна, пераканаўшыся, што падземныя воды перашкодзяць працам, работы былі спынены, а пра каралеўскія парэшткі забыліся, і яны засталіся тут назаўсёды.
Дэндрахраналагічныя даследаванні бярвення, на якім былі змешчаны гэтыя труны, паказваюць, што дрэва было зрублена ў перыяд паміж 1622 і 1642 гадамі.
Пра месца спачыну каралеў Лізаветы, Барбары і караля Аляксандра ніхто не ведаў, можа, толькі невялікая група пасвечаных, і таму ні казакі, ні нават архітэктар Ваўжынец Гуцэвіч, які пазней, у апошняй чвэрці XVIII ст., перабудаваў кафедру ў стылі класіцызму, не знайшлі гэтага пахавання.
Пахальныя меч і карона вялікага князя Аляксандра. 1932. Фота: LVIA
Пахавальныя інсігніі Лізаветы Аўстрыйскай. 1932. Фота: LVIA
Каралеўскія пахавальныя рэгаліі, выстаўленыя ў віленскай кафедры. 1932. Фота: LVIA
Ян Булгак прадставіў першыя фатаграфіі выпадкова адшуканых парэшткаў (21 здымак). Агулам каралеўскую крыпту фатаграфавалі не менш за сем разоў, а ўсяго было зроблена не менш за 65 унікальных фатаграфій. Замалёўкі парэшткаў з інсігніямі рабілі мастакі Сляндзінскі і Рушчыц.
«Праклён» каралеўскай пахавальні
Пасля выяўлення манаршых парэшткаў Юльюш Клос прапанаваў зрабіць тое, што ў XVII стагоддзі не дазволілі грунтавыя воды — пабудаваць каралеўскую пахавальню пад капліцай Св. Казіміра. Ён нават склаў каштарыс на будаўніцтва і стварэнне чатырох саркафагаў. Чацвёрты саркафаг прызначаўся для нявыяўленага цела Вітаўта.
Апалубка для ўзвядзення скляпенняў маўзалея пад капліцай Св. Казіміра. Фота: aidas.lt
Але праект сутыкнуўся са складанасцямі: нягледзячы на тое, што ў чэрвені наступнага 1932 года ў Варшаве зацвердзілі праект маўзалея, быў адхілены праект умацавання фундаментаў кафедральнага сабора, без яго будаўніцтва маўзалея было немагчымым. Але ў выніку справа ўсё ж зрушылася з месца.
Тым часам вакол Клоса разгарэўся скандал, калі пісьменнік Эдвард Бае заявіў, што атрымаў ад яго фрагмент тканага крыжа з труны Барбары Радзівіл. У тым, што гэта была хлусня, пасля прызнаўся сам Бае, але чуткі даляцелі да Варшавы. Усё гэта вымусіла канчаткова адмовіцца ад праекта новага маўзалея.
Увосень 1932 года паралізавала Фердынанда Рушчыца. Мастак страціў здольнасць гаварыць, і да самай смерці мог вымавіць толькі тры словы. У 1935 годзе Рушчыц пераехаў жыць у Багданава, дзе праз год памёр. У пачатку 1933 года трагічна загінуў Юліус Клос, які зваліўся ў шахту ліфта. У лютым 1935 года памёр і скульптар Баляслаў Балзукевіч, стваральнік саркафага для Вітаўта.
Ускрытыя падлогі ў кафедры. Фота: aidas.lt
Балдахін над месцам, дзе была выяўлена каралеўская крыпта. Фота Яна Булгака.
Віленская інтэлігенцыя, якая выступала за ўшанаванне Вітаўта, воляй лёсу была абезгалоўлена. Трагічная смерць Клоса стала прычынай таго, што ў наступныя гады па Вільні хадзілі чуткі пра тое, што прафесар мог быць забіты, бо ведаў, дзе быў пахаваны Вітаўт.
Мясцовай прэсе нават давялося пісаць абвяржэнні гэтых чутак. Менавіта з такім артыкулам, які мусіў супакоіць публіку, у жніўні 1931 года выступіў кансерватар Лоранц, які пісаў, што магіла Вітаўта, хутчэй за ўсё, была знішчана маскоўскімі войскамі.
Труны з княскімі парэшткамі, выстаўленыя ў 1933 годзе ў віленскай кафедры. Фота Яна Булгака / LVIA
На наступны дзень пасля публікацыі труны з парэшткамі іншых, раней выяўленых княскіх асоб былі выстаўлены ў былой Каралеўскай капліцы (капліцы Валовічаў). На труны паклалі копіі пахавальных інсігній — карон і мяча, знойдзеных у крыпце.
Падліваў масла ў агонь скандалу і той факт, што менавіта ў чэрвені таго ж 1933 года з Чэхіі нарэшце да Вільні даехала труна, створаная па заказе літоўскага Данатаса Малінаўскаса для парэшткаў Вітаўта, пра якую мы пісалі ў папярэдняй частцы артыкула.
Праз польскую мытню труна выйшла не ў лепшым стане: пазалочныя ручкі былі аплаўленыя «каралеўскай вадою», паліраваныя месцы пацёртыя, знутры была выдраная шарлатовая (ярка-чырвоная) аксамітная абіўка, а сценкі труны залітыя нейкая чорнай сажай. Сама труна была дастаткова трывалай, каб ёй неяк нашкодзіць, але па ўсім было бачна, што палякі не жадаюць бачыць яе ў Вільні.
Пасля невялікага рамонту Малінаўскас ізноў звярнуўся да Віленскай капітулы з прапановай прыняць гэты саркафаг. У параўнанні з 1930 годам, калі існаванне парэшткаў Вітаўта ў кафедры не мела пад сабой ніякіх доказаў, у 1933 годзе сітуацыя моцна змянілася.
Але тым не менш Віленская капітула зноў адмовілася прыняць труну, палічыўшы прапанову беспадстаўнай і неактуальнай, бо самі парэшткі Вітаўта так і не былі адшуканыя. Па словах архібіскупа Ялбжыкоўскага, польскі ўрад быццам бы збіраўся сам ахвяраваць на труну для Вітаўта, але гэтага так ніколі і не адбылося.
Саркафаг Малінаўскаса ў наступныя гады захоўваўся ў касцёле Святога Мікалая. Гэта быў адзіны да 1939 года касцёл у Вільні, дзе палякі дазвалялі праводзіць беларускія і літоўскія набажэнствы. Толькі ў часы аднаўлення незалежнасці Літвы яго перанеслі ў сутарэнні кафедральнага сабора, дзе ён захоўваецца дагэтуль.
Схаваныя скарбы
1 верасня 1939 года, калі нацысцкая Германія напала на Польшчу, капітула Віленскага кафедральнага сабора, памятаючы горкі досвед мінулых стагоддзяў, неадкладна занялася захаваннем найбольш каштоўных скарбаў святыні.
8 верасня пачаліся баі за сталіцу Польскай Рэспублікі — Варшаву, было відавочна, што другога «цуда на Вісле» не адбудзецца.
Нягледзячы на тое, што нямецкі ўдар не быў скіраваны ў бок Вільні, прыблізна 9 верасня частка скарбаў з сакрысціі і скарбніцы кафедры была ў спешцы складзена ў нішы ў сцяне лесвіцы паміж капліцамі Гаштольдаў і Святога Яна Непамуцкага. Каштоўнасці проста скідаліся ў кучу, часам накрываючыся газетамі. Скарб хаваўся найперш ад немцаў, але ўжо 18 верасня Вільню захапіла Чырвоная армія.
Сакрысціяне Каетан Гратулевіч і Ян Малышка, якія схавалі царкоўныя скарбы і пахавальныя інсігніі. На знак жалобы пасля 17 верасня 1939 года яны адгадавалі вусы. Фота: прыватны архіў / Kurier Wileński
Месца схованкі, верагодна, ведалі толькі трое чалавек: ксёндз-прэлат Францішак Валодзька і сакрысціяне Каетан Гратулевіч і Ян Малышка. Магчыма, што нават арцыбіскупы Рамуальд Ялбжыкоўскі не ведаў пра месца схованкі. Труны з княскімі парэшткамі не хавалі, як і копіі інсігніяў. З імі нічога страшнага не адбылося — і труны, і копіі інсігній сёння выстаўлены ў сутарэннях кафедральнага сабора.
Сучасная труна князя Аляксандра Ягелончыка з копіямі пахавальных інсігній у віленскай кафедры. Фота: Wikimedia Commons
Ян Малышка служыў у сакрысціі сабора да 1942 або 1943 года і быў блізкім сябрам Гратулевіча, з якім падтрымліваў кантакт да самай смерці Каетана. У 1945 годзе сям’я Малышкаў, якая да гэтага жыла на Замкавай вуліцы, 3 у Вільні, недалёка ад сабора, была вымушана перабрацца ў Польшчу, дзе асела пад Ольштынам.
У 1988 годзе Анджэй Малышка, сын Яна Малышкі, прыехаў з Польшчы наведаць Вільню. Аднойчы ён зайшоў у касцёл Святога Яна пры Віленскім універсітэце, дзе быў ахрышчаны, і выпадкова далучыўся да польскамоўнай экскурсіі. Застаўшыся сам-насам з экскурсаводам пасля экскурсіі, ён даведаўся ад яе, што «ў кафедры саветы знайшлі вялікі скарб», але больш ніякіх падрабязнасцяў пра гэты скарб яна паведаміць не змагла.
Анджэй вярнуўся да дадому, дзе пераказаў гэтую гісторыю свайму бацьку. Той быў моцна ўзрушаны і падзяліўся з сынам тым, як па загадзе ксяндза Валодзькі яны хавалі каштоўнасці ў сценах касцёла. Малышка даў клятву ксяндзу захоўваць таямніцу, але пасля гісторыі, якую прывёз з Вільні сын, адчуў сябе вызваленым ад яе і расказаў усё, што памятаў. Паводле слоў бацькі, была схаваная толькі частка каштоўнасцей, бо калі б схавалі ўсе, то гэта б выклікала б падазрэнні.
«У складзе побач з Чорнай капліцай і капліцай Гаштольдаў у сцяне выдзеўблі нішы, у якія схавалі манстранцы, крыжы, рэліквіі. А залаты ланцуг, пахавальную таблічку і пярсцёнак, знойдзены побач з парэшткамі Барбары Радзівіл, ксёндз Валодзька пры бацьку схаваў у нішу, якую тата раней, па загадзе ксяндза, выдзеўб у сцяне падземнай крыпты і потым замураваў.
На гарышчы, у прасторы скляпенняў каля вонкавай сцяны над капліцай Святога Пятра, бацька разам з Каетанам Гратулевічам схавалі старадаўні цяжкі алавяны кандэлябр вышынёй каля паўтара метра. Падчас царкоўных цырымоній ён выкарыстоўваўся для пасхала. На гарышчы яго засыпалі друзам, які ляжаў на скляпенні. Таксама на гарышчы Каетан схаваў мяшочак з залатымі рублямі», — прыгадваў летась Анджэй Малышка.
Спачатку Анджэй Малышка спрабаваў выйсці на каталіцкіх іерархаў, але пасля выйшаў на Фердынанда Рушчыца, унука таго самага Фердынанда Рушчыца і тагачаснага дырэктара Нацыянальнага музея ў Варшаве. Малышку запрасіў да сябе Эдвард Рушчыц, бацька малодшага Фердынанда і сын старэйшага, але стары Рушчыц памёр раней, чым адбылася сустрэча.
Адна са схованак ў віленскай кафедры, выяўленая ў 1985 годзе. Фота: alkas.lt
Мінула больш за дзесяцігоддзе, за гэты час выявілася, што літоўцы сапраўды натрапілі ў 1985 годзе на адну са схованак у сцяне кафедры, дзе захоўваліся манстранцы, келіхі і іншыя царкоўныя рэліквіі, але замуравалі яе зноў, асцерагаючыся, што скарбы могуць разрабаваць і вывезці ў Маскву.
У 2002 годзе яе здымак у літоўскім альбоме пад назвай «Скарбніца віленскага сабора» трапіўся Анджэю Малышку.
Пошук парэштак у 2009 годзе. Фота: alkas.lt
У маі 2009 года ў Вільню прыехала польская дэлегацыя, у якую ўваходзілі сам Анджэй Малышка, дырэктар Польскага дэпартамента культурнай спадчыны Яцак Мілер, мастацтвазнаўца і знаўца гісторыі Вільні, прафесарка Марыя Каламайская-Саед, супрацоўніца дэпартамента культурнай спадчыны і перакладчыца Крыстына Марчык і археолаг Олаф Папкевіч, а таксама археолаг-антраполаг прафесар Міраслаў Парафінюк са сваімі асістэнтамі, якія везлі геарадар. Арганізацыя паездкі аказалася няпростай справай, падрыхтоўка доўжылася некалькі месяцаў. Перш за ўсё неабходна было атрымаць дазвол уладаў Літвы на ўваход у сабор і правядзенне пошукаў.
Бацька Малышкі распавёў яму, як былі размешчаны крыпты і дзе шукаць схованкі, але з часу іх схавання ў саборы шмат што змянілася пасля праведзенай рэканструкцыі помніка, геарадар аказаўся бессэнсоўным. Падняўшыся на гарышча, удзельнікі дэлегацыі пабачылі, што там, дзе ў будаўнічым друзе мусіў быць схаваны падсвечнік, цяпер быў пласт мінеральнай ваты, арміраваны металічнай сеткай. Пустым аказалася і тое месца, дзе мусіў быць кошык з залатымі рублямі. На свае даследаванні дэлегацыя мела толькі адну ноч і раніцу наступнага дня. Пошукі аказаліся безвыніковымі.
Знаходка
У 2013 гадах пра існаванне схаваных скарбаў у саборы даведаўся літоўскі даследчык і рэстаўратар Саўлюс Падзярыс. Гэтае імя можа быць вядомае беларусам: у пачатку года Падзярыс стаў адным з 67 літоўскіх змагароў з «ліцвінізмам», якія падпісалі ліст да ўладаў з патрабаваннем забараніць беларусам выкарыстоўваць «Пагоню».
Падзярыс апублікаваў некалькі грунтоўных артыкулаў па тэме княскіх пахаванняў у Вільні і схаваных інсігній. У лістападзе 2013 года ён дэталёва агледзеў падзямеллі кафедральнага сабора і меркаваныя месцы схованак. Як ён сцвярджае, яму ўдалося дакладна вызначыць месца схованкі, пра што ён праінфармаваў арцыбіскупа мітрапаліта Гінтараса Грушаса, дырэктарку Дэпартамента культурнай спадчыны і дырэктарку Музея царкоўнай спадчыны. Але завершыць даследаванні ў саборы яму не далі.
Тым не менш Падзярыс працягваў працаваць таемна. У час адной з экскурсій ён выкарыстоўваў эндаскоп і пацвердзіў наяўнасць каштоўных прадметаў за сцяной.
«Я ўбачыў ланцужок і знакі каралеўскай улады. Гэта былі хвіліны захаплення», — кажа Падзярыс.
Падзярыс звяртаўся да кіраўніцтва краіны — пісаў адміністрацыі прэзідэнта, прэм'еру і спікеру парламента, але ўсе яго звароты траплялі ў стол дэпартамента культурнай спадчыны. Прычынай ігнаравання Падзярыса стала яго сумнеўная рэпутацыя, бо ён фігураваў у крымінальных справах, звязаных з чорнай археалогіяй — падпускаць такога чалавека да каштоўнасцей папросту небяспечна для іх захавання.
План сутарэнняў віленскай кафедры. Схаваны ў пачатку вайны скарб быў адшуканы ў заходняй сцяне (пазначана сіняй лічбай 5) памяшкання пад нумарам 8. Каралеўская крыпта, дзе былі выяўлены парэшткі ў міжваенны час, знаходзіцца побач, пад нумарам 7. Фота: kpd.lrv.lt
Сцяна, у якой быў схаваны скарб. Фота: kpd.lrv.lt
Толькі 16 снежня 2024 года ў сутарэннях сабора была адкрыта схованка з каралеўскімі інсігніямі. У схованцы былі знойдзены: пахавальная карона Аляксандра Ягелончыка, пахавальныя інсігніі Эльжбеты Габсбург, у тым ліку карона, медальён, пярсцёнак, ланцуг і трунная таблічка, а таксама рэгаліі Барбары Радзівіл — карона, скіпетр, каралеўскі яблык, тры пярсцёнкі, ланцужок і дзве труменныя таблічкі.
У пачатку года яны пасля першапачатковай рэстаўрацыі былі выстаўлены для публікі ў Музеі царкоўнай спадчыны, які займае пабернардзінскі касцёл Святога Міхала Арханёла. Знаходка была азмрочаная скандалам, які ўзняў Падзярыс, патрабуючы, каб яго прызналі першаадкрывальнікам.
Выяўленне інсінгніў у схованыцы. Фота: Віленская архідыяцэзія / Aiste Karpyte
Тым не менш выяўленне пахавальных інсігній стала сапраўднай сенсацыяй, якая падштурхнула літоўцаў ізноў узяцца за пошукі таго, што раней, здавалася, ужо адшукаць немагчыма — парэшткаў вялікага князя літоўскага Вітаўта. Сучасныя тэхналогіі якраз дасягнулі таго ўзроўню, каб даць дакладны адказ на пытанне, чые косці сёння зберагаюць сутарэнні Віленскай кафедры.
Знаходкі ў сутарэннях Кафедральнага сабора Вільні. Фота: Віленская архідыяцэзія / Aiste Karpyte