«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення
Пра сустрэчу Ціханоўскага з беларусамі Варшавы стала вядома ўсяго некалькі дзён да таго, а невядомыя спрабавалі заблытаць актывістаў ды выпытаць іх персанальныя звесткі. Тым не менш былы палітзняволены выступіў перад вялікім натоўпам беларусаў — расказаўшы пра беларускія турмы і свае планы на будучыню.
Сяргей і Святлана Ціханоўскія на акцыі ў Варшаве 26 чэрвеня. Фота: «Радыё Свабода»
Увечары чацвярга маленькая пляцоўка каля помніка Каперніка ў Варшаве шчыльна напоўнілася людзьмі. Амаль 700 чалавек прышлі пабачыць Сяргея Ціханоўскага ўпершыню з моманту яго вызвалення. Акурат тут шмат гадоў праводзіліся традыцыйныя акцыі дыяспары — актывісты нагадвалі пра Беларусь.
«Мы чакалі цябе, Сяргей», — сказала потым Ціханоўскаму Ганна Федаронак, актывістка варшаўскай дыяспары.
На імправізаваную сцэну Ціханоўскі выйшаў разам з жонкай Святланай. Яна павіталася з натоўпам, прадставіла мужа і адзначыла, што сёння ён тут герой.
«Я марыла пра гэты момант пяць гадоў. Я памятаю, як у 2020 годзе кожны мітынг і кожную сустрэчу я ўяўляла сабе, што побач са мной знаходзіцца мой муж. І потым, ужо ў выгнанні, на сустрэчы з кожным лідарам кожнай краіны я хацела, каб мой муж быў побач, але мела тады толькі яго фатаграфію», — сказала яна.
Сяргей Ціханоўскі адразу заклікаў натоўп праскандаваць яго імя — людзі адгукнуліся, але, як яму здалося, не вельмі актыўна.
«Неяк тады ў Гродне (калі блогера затрымлівалі ў 2020 годзе ў Гродне і вакол крычалі яго прозвішча. — НН) больш аптымістычна крычалі», — заўважыў былы палітзняволены.
Апісваючы ўмовы свайго зняволення, Ціханоўскі ізноў не змог стрымаць эмоцыі.
«Гэта жах. Але аказваецца — я ўжо зараз паразмаўляў з іншымі, хто выйшаў — што ў мяне гэта яшчэ быў шкадуючы рэжым. Таму што мяне не білі. І мне не трэба было рэзаць сябе, як гэта рабілі іншыя. Гэта жах, людзі ў такім стане знаходзяцца… І ніхто пра іх не ведае», — заплакаў на гэтых словах Сяргей.
У прамове ён падзякаваў беларусам за сваё вызваленне, а таксама жонцы, замежным дыпламатам і прэзідэнту ЗША Дональду Трампу.
Фота: Наша Ніва
«Дональд Трамп, напэўна, ведаў толькі адно прозвішча з беларускіх палітвязняў — Ціханоўская і яе муж Сяргей Ціханоўскі. І менавіта Трамп настаяў, каб прозвішча Ціханоўскага было ў спісе. Гэта быў такі кампраміс: калі пяць гадоў у Беларусь не прыязджалі амерыканскія дыпламаты. І толькі каб яны прыехалі, было выстаўленае патрабаванне — вызвалі палітвязняў і лідараў. Якіх лідараў? Прозвішча Ціханоўскі назваў Трамп.
Зусім хутка, і я ў гэта веру, усе палітвязні апынуцца на волі. Хутка будуць знятыя санкцыі з Расіі і з Беларусі, ваенныя санкцыі. І каб іх знялі, амерыканскі бок сказаў вызваліць палітвязняў. І Лукашэнка сказаў, што вызваліць», — сказаў ён.
Цяпер Ціханоўскі плануе зноў займацца актывізмам: сустракацца з людзьмі і працаваць з медыя. Цяпер яго цела «ў два разы меншае», дадаў спікер, але «энергіі па-ранейшаму шмат». Беларусаў ён заклікаў прыходзіць на сустрэчы з ім.
«У 2020-м вы ў мяне паверылі. Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў. Я той самы чалавек, хоць вагі ў мяне на палову менш. Калі вы ў мяне паверыце, я абяцаю зрабіць усё, каб мы вярнуліся ў Беларусь! І каб там былі сапраўдныя сумленныя дэмакратычныя выбары!»
Былы палітзняволены пакуль не мае нават свайго тэлефона — карыстаецца старым апаратам жонкі. Як толькі ён пагаворыць з журналістамі і блогерамі, будзе набіраць людзей у сваю каманду — для рэалізацыі «канкрэтнага плана».
На мітынгу таксама выступілі палітык Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, прадстаўніца асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Антаніна Канавалава і сябра гэтай жа арганізацыі Алег Кулеша. Гімн «Пагоні» і песню «Муры» выканалі артысты «Вольнага хора». Усе яны павіншавалі сям'ю Ціханоўскіх з вызваленнем Сяргея.
На пытанне пра санкцыі супраць Беларусі Ціханоўскі адказаў, што выступае за пакет «новых магутных» мер супраць Лукашэнкі:
«Я сказаў прэзідэнту Дудзе і скажу кожнаму прэзідэнту ў Еўрасаюзе і ЗША: падрыхтуйце новы пакет магутных санкцый супраць дыктатара Лукашэнкі. Але не ўводзьце. Прынясіце яму, пакладзіце на стол і скажыце: калі вось гэтыя палітвязні не выйдуць, то мы ўвядзем. Навошта табе гэтыя 1000 чалавек [за кратамі]?».
Ціханоўскі ўпэўнена дадаў, што не проста «будзе ламаць рэжым», а «зламае яго».
Чытайце таксама:
Сяргей і Святлана Ціханоўскія сустрэнуцца з беларусамі Вільні
Ціханоўскі на мітынгу ў Варшаве: Я зламаю гэты рэжым ВІДЭА
Святлана і Сяргей Ціханоўскія адпраўляюцца ў першы сумесны візіт — у Польшчу