БЕЛ Ł РУС

Аўтару мема пра «самыя сучасныя трафікі» знайшлі новую пасаду

27.06.2025 / 9:21

Nashaniva.com

Былы віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін да нядаўняга часу быў паслом Беларусі ў Малдове.

Анатоль Калінін

Анатоль Калінін прызначаны кіраўніком адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Мінск».

З 2010 да 2018 года Калінін быў віцэ-прэм'ерам, а з 2020 да 2025 года — паслом у Малдове.

У свой час чыноўнік займаў высокую пасаду, але праславіўся не дзякуючы ёй, а за кошт абсурднага выступу пра «самыя сучасныя трафікі».

У 2016-м Калініна, які адказваў ва ўрадзе за будоўлю і ЖКГ, адправілі выступаць на выставу інфармацыйных тэхналогій TIBO-2016.

«Большасць нашых грамадзян карыстальнікаў ІТ-тэхналогіямі і інтэрнэт-рэсурсам з 9,5 мільёна грамадзян маюць абаненцкае прыкладанне і карыстанне каля 13 мільёнаў нашых грамадзян. Гэта сведчыць аб тым, што створаны рэсурс, які дазваляе любому карыстальніку выкарыстоўваць самыя сучасныя трафікі для ўкаранення інтэграцыі і развіцця сваіх магчымасцяў попыту інтарэсаў», — блытана сфармуляваў Калінін.

Анатоль Калінін нарадзіўся 21 чэрвеня 1959 у Краснаполлі Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1993) і Акадэмію кіравання (2008).

Быў шафёрам на аўтабазе райспажыўсаюза Краснаполля (1976—1977), служыў у войску (1977—1979). У 1983—1988 працаваў інжынерам-тэхнолагам, галоўным інжынерам райаграпрамтэхнікі Краснаполля, у 1988—1990 — намеснік дырэктара, а пасля дырэктар Краснапольскага раённага аб’яднання ЖКГ.

У 1990—1995 — начальнік ЖЭСа ў Баранавічах, у 1995—2009 — дырэктара баранавіцкага «Водаканала».

У 2009—2010 — памочнік прэзідэнта, галоўны інспектар па Мінску, у 2010-2018 — віцэ-прэм’ер.

У 2020-2025 — пасол у Малдове.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула