Куды беларусы могуць лятаць без візы і без перасадак?
Атрымаць візу ў Еўропу па-ранейшаму складана і дорага. Паглядзелі, у якія бязвізавыя для беларусаў краіны ёсць прамыя рэйсы з Мінска.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Турцыя
З мінскага аэрапорта штодня выконваюцца прамыя рэйсы ў Стамбул. Цэны на квіткі пачынаюцца ад 1108 рублёў, але трапляюцца і па 870. Квіткі са Стамбула ў Мінск каштуюць ад 855 рублёў.
Скрыншот: belavia.by
Са Стамбула можна вылецець у іншыя краіны, з якімі ў Беларусі няма прамога авіязлучэння пасля прымусовай пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам на борце ўвесну 2021 года.
Грузія
«Белавія» мае ажно тры рэйсы ў Грузію (Тбілісі, Батумі, Кутаісі). У Грузію віза таксама не патрэбная, а знаходзіцца там па беларускім пашпарце можна да 360 дзён.
Прасцей за ўсё дабрацца ў Тбілісі. Найбліжэйшая дата вылету, на якую ёсць квіткі, — 4 ліпеня. Праўда, цана немалая: 1611—1925 рублёў за пералёт у адзін бок. Пачынаючы з 11 ліпеня, ёсць варыянты за 1125 рублёў. Цэны на квіткі ў зваротным кірунку пачынаюцца ад 1032 рублёў.
Калі ляцець у Кутаісі, то цана білета пачынаецца ад 1120 рублёў у адзін бок. Квіткі ёсць на канец ліпеня. Назад можна вярнуцца за 1148 рублёў.
З Батумі складаней. Квіткоў няшмат. Найбліжэйшы вылет з Мінска — 25 ліпеня за 1610 рублёў у адзін бок.
Арменія
У гэтай краіне беларусы без візы могуць правесці да 180 дзён. Цэны на квіткі з Мінска ў Ерэван пачынаюцца ад 1055 рублёў. Праўда, на бліжэйшыя даты — 5 і 10 ліпеня — яны каштуюць 2586 рублёў.
Казахстан
Прамыя рэйсы з Мінска ёсць толькі ў Астану. Квіткі — ад 1142 рублёў. Найбліжэйшы вылет па мінімальным кошце ўжо 9 ліпеня. Вярнуцца назад можна за 1070 рублёў. Беларусы могуць знаходзіцца без візы ў Казахстане да 90 дзён.
Узбекістан
Два разы на тыдзень даступныя прамыя рэйсы з Мінска ў Ташкент — і гэта, бадай, самы танны кірунак. Квіток з Беларусі каштуе ад 750 рублёў, а ў зваротным кірунку — ад 810 рублёў.
Скрыншот: belavia.by
ААЭ
Двойчы на тыдзень лятаюць прамыя рэйсы ў Дубай. Праз немагчымасць лятаць над Украінай і тэрыторыяй Еўрасаюза палёт займае амаль 6 гадзін. Квіткі каштуюць ад 1251 да 1600 рублёў.
Азербайджан
Знаходзіцца ў Азербайджане без візы з беларускім пашпартам можна да 90 дзён. З Мінска самалёт ляціць у Баку.
Цэны на квіткі ў ліпені пачынаюцца ад 1022 рублёў. Зваротны квіток — ад 851 рубля. Атрымліваецца, што пры ўдалым падборы квіткоў злятаць з Мінска ў Баку і вярнуцца можна менш чым за 1900 рублёў. Час палёту — 3 гадзіны 50 хвілін.
Кітай
У Кітаі без візы беларусы могуць знаходзіцца да 30 дзён. Да папулярнага ў турыстаў Пекіна ці курорта Хайнань трэба ляцець з перасадкай.
Маршрут ва Урумчы, які прадае «Белавія», не самы зручны. Але туды ёсць рэйс з Мінска раз на тыдзень. Квіткі каштуюць ад 711 рублёў, калі браць іх за месяц-паўтара да вылету. І ад 1540 да 2730 рублёў — на найбліжэйшыя даты.
Егіпет
Таксама з Мінска лятаюць прамыя чартарныя рэйсы ў Егіпет. Праўда, віза туды патрэбная, але яе можна зрабіць адразу па прылёце ў аэрапорт.
Без візы, але з вылетам са Стамбула або Масквы
Калі вы ўжо дабраліся да Стамбула, то адтуль беларусам дасяжныя пералёты ў шэраг іншых бязвізавых краін.
Напрыклад, у Албанію і Чарнагорыю, дзе з беларускім пашпартам можна знаходзіцца без візы да 30 сутак.
У далёкую Кубы лятаюць рэйсы Стамбул — Гавана. Прамы пералёт займае каля 13 гадзін.
Калі выбіраць усходні кірунак, то з вылетам з Масквы беларусы могуць дабірацца прамымі рэйсамі ў такія бязвізавыя для нас краіны, як В’етнам, а таксама ва ўмоўна бязвізавыя — Тайланд і Шры-Ланку (там візу можна атрымаць па прылёце).