БЕЛ Ł РУС

Анна Вінтур пакідае пасаду галоўнага рэдактара амерыканскага Vogue

27.06.2025 / 15:6

Nashaniva.com

Лічыцца, што менавіта яна вярнула Vogue папулярнасць і зрабіла яго адным з вядучых выданняў у свеце моды.

Фота: Evan Agostini/Invision/AP

Брытанская журналістка Анна Вінтур пакідае пасаду галоўнага рэдактара амерыканскага Vogue, якую яна займала 37 гадоў, паведаміў Выдавецкі дом Condé Nast.

У заяве Condé Nast сказана, што Вінтур захавае іншыя свае пазіцыі — глабальнага рэдакцыйнага дырэктара Vogue, які курыруе міжнародны кірунак брэнда, а таксама галоўнага кантэнт-дырэктара выдавецтва Condé Nast. На гэтай пасадзе яна адказвае таксама за часопісы Wired, Vanity Fair, GQ, Glamour і Bon Appetit, піша Бі-бі-сі.

«Прызначэнне новага галоўнага рэдактара Vogue дазволіць Вінтур раўнамерней размяркоўваць увагу паміж усімі рынкамі, у дадатак да кіраўніцтва усімі выданнямі Condé Nast (за выключэннем the New Yorker)», — тлумачыць Condé Nast.

Вінтур 75 гадоў, яна адна з самых уплывовых фігур у свеце сучаснай моды. Журналістка ўзначальвае Vogue даўжэй, чым любы галоўны рэдактар у гісторыі часопіса.

Лічыцца, што менавіта Вінтур паслужыла прататыпам для гераіні актрысы Мэрыл Стрып Міранды Прыстлі ў галівудскім фільме 2006 года «Д'ябал носіць Prada».

У 2017 годзе каралева Лізавета II дала ёй тытул дамы за працу ў галіне моды.

Вінтур вырасла ў Лондане і да таго, як узначаліць амерыканскі Vogue ў 1988 годзе, стала галоўным рэдактарам брытанскага выдання часопіса.

Лічыцца, што менавіта яна вярнула Vogue папулярнасць і зрабіла яго адным з вядучых выданняў у свеце моды. Яна значна памяняла аблічча часопіса, публікавала ў ім здымкі менш вядомых мадэляў і не баялася спалучэння недарагога адзення са стылем ад куцюр.

Яна таксама праводзіла штогадовыя дабрачынныя балы Met Gala, якія праходзяць у Нью-Ёрку з 1995 года.

У гэтым годзе брытанскі кароль Карл спытаў Анну Вінтур, ці мае намер яна сысці з працы, на што, як распавяла сама журналістка, яна адказала: «Вядома ж, не!»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула