Жыхарка Чачэрска прадавала ў інтэрнэце «золата», а дасылала ўжываныя рэчы
Восенню 2024 года 29-гадовая жыхарка Чачэрска вырашыла падзарабіць махлярствам. Яна загружала з інтэрнэта фота залатых упрыгожанняў і размяшчала іх на продаж на папулярнай анлайн-пляцоўцы. Нізкія цэны прыцягвалі пакупнікоў з розных рэгіёнаў краіны.
Фота ілюстрацыйнае
Пасля таго як людзі пералічвалі поўную або частковую перадаплату, жанчына дасылала ім па пошце зусім іншае — старую біжутэрыю, касметыку, дзіцячыя рэчы або бытавыя дробязі. А часам — нічога наогул.
Калі абураныя пакупнікі пісалі ёй, яна апраўдвалася, што пераблытала пасылкі, і абяцала ўсё вырашыць. З цягам часу да «бізнэсу» далучылася яе сяброўка, і яны ўдваіх трацілі грошы на азартныя гульні.
Такім чынам за 3 месяцы махляркі атрымалі амаль 19 тысяч рублёў, падмануўшы 34 чалавекі. Хтосьці з пацярпелых пакідаў усё як ёсць, іншыя пагражалі звярнуцца ў міліцыю, але толькі некалькі чалавек сапраўды падалі заяву.
На жанчын завялі крымінальную справу за махлярства. Яны ўжо кампенсавалі 12 тысяч рублёў маральнай шкоды.
Чытайце таксама:
Сусед пераканаў 90-гадовую жанчыну не аддаваць грошы махлярам і адразу ж патэлефанаваў у міліцыю