БЕЛ Ł РУС

Пасля антыўрадавага мітынгу ў Бялградзе адбыліся сутыкненні з паліцыяй

29.06.2025 / 7:47

Nashaniva.com

Пасля масавага мітынгу ў сталіцы Сербіі з патрабаваннем датэрміновых выбараў у цэнтры Бялграда адбыліся сутыкненні з паліцыяй, піша ВВС.

Фота: AP Photo / Darko Vojinovic

Паліцыя ўжыла слезацечны газ або перцавыя балончыкі. Журналісты агенцтва AFP таксама сталі сведкамі выкарыстання паліцыяй светлашумавых гранат.

Раней у суботу ў цэнтры Бялграда сабраліся дзясяткі тысяч пратэстуючых. На фотаздымках з месца падзей бачна, што плошча Славія ў цэнтры горада, побач з якой размешчана шмат урадавых устаноў, амаль цалкам запоўнена людзьмі.

Паліцыя ацэньвала колькасць сабраўшыхся ў 36 тысяч, незалежная назіральная арганізацыя «Архіў публічных збораў» — у 140 тысяч.

Дзясяткі паліцэйскіх у ахоўным рыштунку ахоўвалі ўрадавыя будынкі і блізкі парк, дзе таксама сабраліся вялікія групы прыхільнікаў прэзідэнта Аляксандра Вучыча, якія з’ехаліся з усёй краіны.

А каля 22:00 па мясцовым часе (20:00 па Грынвічы) мітынг скончыўся, частка пратэстуючых рушыла ў бок прыхільнікаў Вучыча, а таксама пачала кідаць фаеры ў паліцэйскіх. У гэты момант паліцыя ўжыла сілу.

Фота: AP Photo / Marko Drobnjakovic

На фота з дрона бачная плошча і вуліцы, што сыходзяцца на яе, запоўненыя людзьмі

Суботняя акцыя стала працягам серыі пратэстаў супраць карупцыі, якая працягваецца з лістапада мінулага года, калі ад абрушэння бетоннага навеса на толькі што адрамантаваным чыгуначным вакзале ў Нові-Садзе загінулі 16 чалавек.

Фота: AP Photo / Marko Drobnjakovic

Пратэстуючыя лічаць карупцыю прычынай трагедыі.

У мінулым месяцы пратэстуючыя пачалі патрабаваць датэрміновых парламенцкіх выбараў. У цяперашнім парламенце большасць мае партыя прэзідэнта Аляксандра Вучыча. Сам ён раней казаў, што наступныя выбары адбудуцца дакладна ў тэрмін, а ён надыдзе ў канцы 2026 года.

Пратэстуючыя патрабавалі ад Вучыча згоды на датэрміновыя выбары, але ён адхіліў іх патрабаванне.

Вучыч часта сцвярджае, не прыводзячы доказаў, што пратэстуючыя дзейнічаюць у інтарэсах «замежных дзяржаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула