БЕЛ Ł РУС

Чаму зноў сапсаваліся адносіны паміж Расіяй і Азербайджанам. З'яўляюцца дэталі справы

30.06.2025 / 14:45

Nashaniva.com

Не паспелі наладзіцца адносіны паміж Расіяй і Азербайджанам пасля збіцця райсійскай ракетай азербайджанскага лайнера з пасажырамі, як расіяне зноў самым жахлівым чынам сапсавалі іх. Прычым тры дні ў Расіі рабілі выгляд, што нічога не адбылося. Але Азербайджан не дазволіў замяць усё. 

У Екацярынбургу 27 чэрвеня 2025 года расійскія сілавікі затрымалі больш за 50 чалавек, пераважна выхадцаў з Азербайджана, піша «База». 

Паводле Следчага камітэта РФ, аперацыя была звязаная з расследаваннем забойства 2001 года бізнэмена Юніса Пашаева каля кафэ «Каспій», якое належала сям’і Сафаравых, а таксама іншых злачынстваў 2010—2011 гадоў.

У выніку затрыманняў 27 чэрвеня загінулі браты Зіядзін і Гусэйн Сафаравы. Афіцыйна СК паведаміў, што адзін з братоў памёр ад сардэчнай недастатковасці, а прычына смерці другога высвятляецца.

Аднак сваякі сцвярджаюць, што яны былі закатаваныя падчас затрымання. 

СМІ Азербайджана паведамілі, што затрыманых збілі, а братоў забілі.

Азербайджанскае выданне Oxu.Az апублікавала фатаграфіі гематом на целах Раміля і Мухамеда Сафаравых (яны праходзяць у статусе сведак), затрыманы Аяз Сафараў выступіў у судзе са слядамі збіцця на твары. Пры гэтым мужчына заявіў, што «ўпаў яшчэ да затрымання».

З чым звязаныя затрыманні?

Паводле версіі следства, затрыманых падазраюць у датычнасці да забойства Юніса Пашаева, які загінуў ад нажавых раненняў у траўні 2001 года каля кавярні «Каспій» (што належыць сям'і Сафаравых) і яшчэ ў некаторых злачынствах. 

Як адрэагавалі ў Азербайджане?

МЗС Азербайджана назваў дзеянні сілавікоў «непрымальным гвалтам», заклікаўшы расійскія ўлады расследаваць парушэнні пры правядзенні следчых дзеянняў, а таксама заявіў «рашучы пратэст» часоваму паверанаму ў справах амбасады РФ у краіне.

Дэлегацыя дэпутатаў з парламента краіны адмовілася ад удзелу ў 23-м пасяджэнні міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве паміж Азербайджанам і Расіяй.

Усе бліжэйшыя расійскія канцэрты, фестывалі, спектаклі, выставы адменены ў Азербайджане.

У прыватнасці, адменены канцэрт Леаніда Агуціна і Анжалікі Варум, Басты, пастаноўкі «Шчаўкунок», «Дзюймовачка», «Майстар і Маргарыта», а таксама выступленні расійскіх комікаў.

Улічваючы дэманстратыўныя, мэтанакіраваныя і пазасудовыя забойствы і акты гвалту, учыненыя праваахоўнымі органамі Расіі супраць азербайджанцаў па этнічнай прыкмеце ў Екацярынбургу, а таксама той факт, што ў апошні час падобныя выпадкі набылі сістэматычны характар, адмяняюцца культурныя мерапрыемствы, у тым ліку канцэрты, фестывалі, спектаклі, выставы, запланаваныя да правядзення ў Азербайджане па лініі дзяржаўных і прыватных устаноў Расіі, заявілі ў Міністэрстве культуры Азербайджана.

Таксама азербайджанскія сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю «Sputnik-Азербайджан» (у лютым яго дзейнасць была прыпыненая па законе, які абмяжоўвае замежнае валоданне СМІ). 

У цэлым азербайджанскія СМІ выступілі з рэзкай крытыкай: расейцаў абвінавацілі ў нацыяналізме і прыгнёце малых народаў.

Целы загінулых азербайджанцаў аддалі родным. У Азербайджане збіраюцца правесці экспертызу прычынаў іх смерці. 

А што ў Расіі?

Кіраўнік СК РФ Аляксандр Бастрыкін даручыў перадаць крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельнікаў злачыннай групы ў Екацярынбургу ў цэнтральны апарат ведамства.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія шкадуе аб рашэннях, прынятых Азербайджанам.

«Мы лічым, што ўсё, што адбываецца, звязана з працай праваахоўных органаў, і гэта не можа і не павінна з'яўляцца падставай для падобнай рэакцыі. Мы зацікаўлены і далей развіваць нашы добрыя адносіны з Азербайджанам», — сказаў ён

Чытайце таксама:

У Баку паліцыя прыйшла ў офіс «Спутнік Азербайджан»

Азербайджан адмяніў у краіне ўсе расійскія культурныя мерапрыемствы

У Азербайджане выкладчыка асудзілі на 15 гадоў за перапіску з армянамі

Суд у Азербайджане вынес суровыя прысуды журналістам, якія расследавалі бізнэс сям’і Аліева

Каментары да артыкула