У Віцебску ёсць могілкі, якія здзіўляюць раскошай. Хто ж там пахаваны?
Адно з месцаў пахавання на Арэхаўскіх могілках у Віцебску не першы год уражвае наведвальнікаў. Каму яно належыць?
Скрыншот відэа ў інстаграме
Жанчына з Барысава, якая працуе ў сферы рытуальных паслуг, паказала ў сваім інстаграме незвычайнае месца на Арэхаўскіх могілках у Віцебску.
Надмагілле абаронена ад капрызаў надвор'я вытанчаным каваным навесам з белымі фіранкамі. Цэнтральны помнік выкананы ў выглядзе анёла, які схіліўся над сэрцам, дзе размешчана фота маладой жанчыны. Уся прастора ўпрыгожана жывымі і штучнымі кветкамі, мініяцюрнымі скульптурамі і фатаграфіямі нябожчыцы. Для тых, хто прыходзіць ушанаваць яе памяць, усталявана стылёвая лаўка з мяккімі пуфікамі.
Насупраць пабудавана капліца, якая носіць назву Вольгінскай. Унутры даволі ўтульна — ёсць нават пухнаты белы дыван.
Каб засцерагчы мемарыяльны комплекс ад вандалаў, паставілі відэаназіранне.
Пахавана там Вольга Пілатава. Жанчына была прадпрымальніцай, заснавальніцай віцебскага электратэхнічнага прадпрыемства «Святло», аднаго з найбуйнейшых вытворцаў святлотэхнічнай прадукцыі ў рэгіёне.
Яна была неабыякавым чалавекам: у 2020 годзе, у разгар пандэміі каранавіруса, замаўляла ў кафэ комплексныя абеды для ўсіх супрацоўнікаў Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі. Улічваючы, што медыкі тады літаральна жылі на працы, гэта было вельмі неабходная дапамога.
Вольга памерла ў 2021 годзе ад анкалогіі, не паспеўшы адсвяткаваць 50-годдзе.
Чытайце таксама:
Магіла акадэміка Карскага ў Пецярбургу ўся зарасла баршчэўнікам ФОТАФАКТ
На Віцебшчыне пенсіянеркі паставілі мемарыял уласнай вёсцы на могілках — канцэпт ацанілі не ўсе
«Як купіла сукенку на смерць 38 гадоў таму, так і ляжыць». Бабуля з вёскі паказала свой куфар