Гайдукевіч пахваліўся, што да яго прыехаў памочнік Трампа. А вось і не
Памочнік прэзідэнта ЗША і адзін з кіраўнікоў кіруючай у ЗША Рэспубліканскай партыі прыехаў у Беларусь па запрашэнні кіраўніка ЛДПБ Алега Гайдукевіча. Пра гэта сам Гайдукевіч пахваліўся ў сваіх сацсетках. Рэдакцыя Reform.news вырашыла праверыць, ці так гэта сапраўды.
Алег Гайдукевіч касплэіць Лукашэнку і яго Умку. На фота — сабака лідара ЛДПБ.
«Сёння па запрашэнні ЛДПБ прыехала дэлегацыя з ЗША. У яе ўваходзяць як прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі, так і Дэмакратычнай. Назаву толькі некаторых. Тут штаты, глядзіце якія, Фларыда, Нью-Джэрсі, Каліфорнія, Чыкага. Адзін з членаў дэлегацыі — гэта памочнік губернатара штата Ілінойс, кіраўнік выбарчай камісіі Чыкага ад Дэмакратычнай партыі. Ёсць там і наш ужо ўсім вядомы Стыў Самарын, які з’яўляецца памочнікам на грамадскіх пачатках прэзідэнта Трампа, і ўваходзіць у кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі. Ёсць і прадстаўнікі рэлігійных арганізацый амерыканскіх, ёсць людзі з беларускімі каранямі, якія прыехалі сюды, і яны хочуць убачыць сваю радзіму там, дзе нарадзіліся іх продкі», — заявіў Гайдукевіч у эфіры «Мінск-Навіны» 30 чэрвеня.
«Усім вядомы» Стыў Самарын — гэта новае імя расіяніна Уладзіслава Рудольфавіча Спектарава. Ён нарадзіўся 20 лістапада 1968 года ў Самары, вучыўся на сувязіста, зацікавіўся рэлігіяй і ў 1997 годзе па пратэстанцкай лініі паехаў у ЗША.
Самарын — часты госць беларускіх прапагандысцкіх рэсурсаў з пачатку дзясятых. Ёсць такі жанр у прапагандзе — «амерыканскі эксперт» хваліць Лукашэнку. Самарын/Спектараў гадамі не выпаўзае з эфіраў, хвалячы праўленне беларускага дыктатара. У 2021 годзе «Еўрарадыё» ўважлівей паглядзела на яго і высветліла, што той стварыў дзве рэлігійныя НДА ў ЗША, ад імя адной з іх (сціпла названай Global Christian Ministry) узнагародзіў сам сябе званнем доктара багаслоўя.
На сайце «Акадэмік.ру» Самарын зрабіў сабе візітку, дзе пералічыў усе свае дасягненні. Праўда, схаваў яшчэ пра адно — у 2015 годзе яго судзілі ў Фларыдзе за дробны крадзеж.
Скрыншот са старонкі arrest.org
Чаму Гайдукевіч называе прыезд Самарына ў Беларусь чымсьці асаблівым — не зразумела.
Сам Самарын указаў у сваёй біяграфіі, што ён быў дацэнтам кафедры сусветнай эканомікі і фінансаў Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСА» ў Мінску.
Толькі ў 2025 годзе ён быў заўважаны ў нашай краіне ў студзені як «міжнародны назіральнік на выбарах прэзідэнта Беларусі», а ў маі і чэрвені ён прыходзіў на здымкі да беларускіх тэлевізійных студый у Мінску. Здаецца, Самарын ніколі не з’яжджаў.
Знайсці «памочніка Трампа» сярод кіраўніцтва чаго б ні было ў Рэспубліканскай партыі ЗША не ўдалося. Ёсць толькі запіс аб тым, што ён зарэгістраваўся як выбаршчык-рэспубліканец у Фларыдзе. Ці варта ўдакладняць, што пра «грамадскага памочніка Трампа» Гайдукевіч таксама схлусіў.