Экс-намесніка міністра абароны Расіі асудзілі на 13 гадоў
Экс-намесніка міністра абароны Расіі Цімура Іванова прысудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі, а таксама прызначылі штраф 100 мільёнаў расійскіх рублёў (1,27 млн даляраў) па справе аб растраце і легалізацыі грашовых сродкаў. Гэта яго першы, але не апошні прысуд, піша Baza.
Фота: Baza
Цімура Іванова абвінавачвалі ў растраце больш за 216 мільёнаў рублёў (2,75 млн даляраў) пры куплі і продажы паромаў для Керчанскай пераправы, а таксама ў прысваенні амаль 4 мільярдаў расійскіх рублёў (51 млн даляраў), што належалі банку «Інтэркамерц». Справа разглядалася ў закрытым рэжыме.
Разам з Івановым абвінавачваўся і ягоны былы падначалены Антон Філатаў — экс-гендырэктар падведамаснага Міністэрству абароны ТАА «Абаронлагістыка». Пракурор запрасіў для Іванова 14,5 года калоніі агульнага рэжыму, для Філатава — 14 гадоў.
Іваноў займаў пасаду намесніка міністра абароны з мая 2016 года. Яго затрымалі ў красавіку 2024-га, пазней арыштавалі па абвінавачанні ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.
Паводле версіі следства, Іваноў аказваў дапамогу кампаніям — падрадчыкам Мінабароны, а яны ўзамен выконвалі будаўнічыя работы на яго аб’ектах. Суму хабару ацанілі ў 1,185 мільярда расійскіх рублёў (15 млн даляраў). Пазней да абвінавачвання ў атрыманні хабару дадалося абвінавачванне ў крадзяжы сродкаў банка «Інтэркамерц» і растраце.