БЕЛ Ł РУС

Беларуска расказала, колькі заплаціла, каб хутчэй даехаць да Польшчы на аўтобусе

1.07.2025 / 16:46

Nashaniva.com

Беларуска падрабязна расказала ў тыктоку пра чаргу на мяжы Беларусі з Польшчай 1 ліпеня. «Разлічвайце гадзін на 30 мінімум», — раіць яна ўсім, хто падарожнічае на аўтобусах.

Пункт пропуску «Брэст». Ілюстрацыйнае фота: Беларуская мытня

Жанчына выехала з Мінска 30 чэрвеня з затрымкай: замест 20-й гадзіны — а 22-й.

«На мяжы мы былі ў дзве гадзіны ночы (1 ліпеня). Не заязджалі ў Брэст і Баранавічы. Аўтобус быў паўпусты. На мяжы мы былі 65-я ў чарзе (калі хто разумее, гэта нават не даязджаючы да запраўкі). Мне стала зразумела, што трэба перасаджвацца».

Беларуска ўзяла з сабой валізку і пайшла шукаць у чарзе іншы аўтобус Ecolines: кампанія дазваляе перасаджвацца з аднаго буса ў іншы абсалютна бясплатна. Па выніку яна натыкнулася на адзін аўтобус, які стаяў 10-м у чарзе.

«Але кіроўца сказаў, што ён возьме на падсадку толькі тады, калі будзе другім ці трэцім. Атрымліваецца, было два варыянты: ці ты стаіш на вуліцы і чакаеш, калі паедзе гэты аўтобус (а гэта можа быць і пяць гадзін, і сем), ці ты, як дурны, ходзіш з гэтай валізкай ад 65-га да 10-га аўтобуса, правяраючы, калі той стане другім ці трэцім)».

Па выніку жанчына «плюнула» і пайшла ў пачатак чаргі, сеўшы ў другі аўтобус.

«Цана пытання — 50 даляраў. Пасля мы пастаялі хвілін 20 і заехалі да беларусаў. Сам пашпартны кантроль прайшлі досыць хутка, але гадзіны тры проста стаялі, каб пад’ехаць да моста».

Далейшае перасоўванне ўжо на польскім боку зацягнулася яшчэ на чатыры гадзіны.

«Але калі вы будзеце стаяць і не перасаджвацца, разлічвайце гадзін на 30 мінімум».

У тэматычных чатах пішуць, што ў лепшым выпадку ўсё можа абысціся суткамі. Але частка пасажыраў вырашае самастойна паскорыцца і таксама аддае каля 50 даляраў за перасадку ў аўтобусы наперадзе.

Выязджаючы з Польшчы ў Беларусь, таксама трэба трымаць у галаве затрымкі. Вось што напісаў адзін з пасажыраў у тэматычным чаце:

Да адпачынкавай і канікульнай нагрузкі на памежны пункт «Брэст» дадаўся фактар рамонту: 30 чэрвеня там пачаліся планавыя працы па добраўпарадкаванні асфальтабетоннага пакрыцця (яны працягнуцца да 14 ліпеня).

Тыя ж, хто ехаў 1 ліпеня ў Літву, дзеляцца, што з выездам у 6.35 раніцы былі ў Вільні пасля 14.00.

На праходжанне беларуска-латвійскай мяжы сёння ў людзей сышло дзве гадзіны на абодва бакі.

З аўтамабільным рухам справы традыцыйна горш: многія, хто быў зарэгістраваны ў чарзе 27 чэрвеня, былі выкліканыя на беларуска-польскую мяжу толькі 1 ліпеня. Агульны час чакання склаў больш за чатыры дні. За пазачарговы праезд на аўто просяць ужо 200 еўра.

На праходжанне беларуска-літоўскай мяжы таксама лепш закладаць мінімум палову дня.

Чытайце таксама:

Колькі каштуе праехаць у Польшчу без чаргі, калі выезду чакае больш за 2400 машын

Польскі візавы цэнтр адкрыецца ў Віцебску

Каментары да артыкула