У Беларусі прадаюць лазню на колах, пабудаваную на базе старога «Мерседэса». Колькі просяць?
Многія задаюцца пытаннем, ці здольны мікрааўтобус прайсці тэхагляд.
Фота: скрыншоты з відэа Instagram/_k.kirill1
Лазня на колах зроблена на базе грузапасажырскага мікрааўтобуса Mercedes-Benz 1993 года выпуску. За машыну з грузавым адсекам, пераробленым у лазню, просяць 6900 даляраў.
Калі грошай адразу няма, лазню на колах можна набыць у крэдыт на пяць гадоў без першапачатковага ўзносу з выплатай каля 540 рублёў на месяц.
32-гадовы мікрааўтобус нядаўна быў перавараны і перафарбаваны. Праўда, нават па відэа бачна, што кузаўны рамонт выкананы даволі неахайна.
Фота: скрыншоты з відэа Instagram/_k.kirill1
Але гэта, напэўна, не самае важнае для такога транспарту. Галоўная фішка гэтага Mercedes-Benz — лазня даўжынёй два метры.
Лазневы адсек абшыты дрэвам, зроблены дзве лаўкі, а пасярэдзіне, бліжэй да задніх дзвярэй, стаіць печ.
Блогер з нікнэймам _k.kirill1, які зрабіў агляд на гэтае аўто на пляцоўцы аўтакаміса, кажа, што ў гэтай лазні з камфортам можа адпачываць кампанія з пяці-шасці чалавек, а таксама паказаў, як гараць дровы і выходзіць дым з трубы.
Пасажырская частка мікрааўтобуса разлічана на кіроўцу і шэсць пасажыраў. Праўда, прынамсі аднаму з пасажыраў сядзець будзе дакладна не зручна, бо ніжняя частка сядзення выглядае паламанай.
Відэа набрала больш за 270 тысяч праглядаў і шмат каментарыяў. Многія задаюцца пытаннем, ці не ўзнікне праблем з пераафармленнем гэтага аўто ў ДАІ, а таксама, ці зможа яно прайсці тэхагляд.
Некаторыя лічаць, што праехаць на гэтым Mercedes-Benz атрымаецца толькі да першага інспектара ДАІ.
Некалькі каментатараў назвалі гэты мікрааўтобус не лазняй, а крэматорыем на колах.
Таксама людзі ўказваюць на нізкую якасць кузаўных работ і на тое, што праз год гэты «Мэрсэдэс» зноў будзе патрабаваць зварачных работ, а таксама, што для кампаніі з 5-6 чалавек там будзе цесна, яны рызыкуюць апарыць калені аб печку.