Польская пракуратура патрабуе пастрожыць прысуд беларусу за шпіянаж
Рэгіянальная пракуратура ў Любліне настойвае на ўзмацненні прысуду грамадзяніну Беларусі, асуджанаму за шпіянаж. Пракуратура абскардзіла прысуд суда першай інстанцыі, паведамляе Reform.news са спасылкай на Kurier Lubelski.
«Мы не згодныя з памерам пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі для Мікалая М. Пракурор патрабуе пяць гадоў турэмнага зняволення», — заявіла прэс-сакратар пракуратуры Бэата Сык-Янкоўска.
26 мая 53-гадовага беларуса Мікалая М. асудзілі да двух гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі. У тэрмін зняволення залічылі час, праведзены ім пад вартай. У выніку 29 мая ён выйшаў на волю з следчага ізалятара ў Радамe.
Паводле абвінавачвання, у 2018—2023 гадах беларус ажыццяўляў дзеянні, скіраваныя на разведку тэрыторыі ваеннага аэрадрома ў Белай-Падлясцы, збіраў інфармацыю пра ваенныя аперацыі на гэтым аэрадроме, пра чыгуначную інфраструктуру і перамяшчэнне ваеннай тэхнікі, а таксама пра аб’екты і транспартныя сродкі, якія знаходзяцца ў распараджэнні Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы ў Бялай-Падлясцы.
Акрамя гэтага, ён высвятляў, якія дзеянні прадпрымаюць польскія спецслужбы для вярбоўкі грамадзян Беларусі, у тым ліку арганізоўваў канал сувязі з афіцэрамі КДБ Беларусі, заяўляла абвінавачанне.
Іншым абвінавачаным па справе быў 59-гадовы грамадзянін Польшчы Бернард С. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён не паведаміў паліцыі пра злачынныя дзеянні беларуса, і прызначылі штраф у памеры 7 тысяч злотых (1900 даляраў).
На судзе абодва абвінавачаныя прызналі віну.