БЕЛ Ł РУС

Як айцішнік легалізаваўся ў Чэхіі: там бан для беларусаў, але ёсць лайфхак

2.07.2025 / 12:2

Nashaniva.com

Суразмоўца падзяліўся алгарытмам дзеянняў з dev.by.

Прага. Фота: vecteezy.com

Андрэй працуе ў ІТ з 2021 года. На выбар новай прафесіі з аднаго боку паўплывала пандэмія COVID-19. А з іншага — змены ў палітычным жыцці краіны пасля 2020 года. У пачатку 2022 года Андрэй атрымаў офер ад буйной украінскай кампаніі і пераехаў у Кіеў. Але пачалася вайна, і частку каманды, якая пагадзілася з’ехаць, эвакуявалі ў Чэхію.

З легалізацыяй на новым месцы ў беларуса ўзніклі сур’ёзныя праблемы: неўзабаве пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Чэхія спыніла выдачу віз і відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі і РФ.

«Удалося атрымаць працоўныя ВНЖ на два гады — гэта быў няпросты працэс»

— На жаль, у Чэхіі дзейнічае бан для грамадзян нашай краіны. І ўжо пасля таго, як мы сюды прыехалі, стала зразумела, што вырашэнне пытання з легалізацыяй тут будзе задачай з зорачкай.

У нейкі момант мне ўдалося звязацца з прадстаўніком беларускіх дэмсіл у Чэхіі. Там распавялі пра існуючую візавую праграму МЗС Чэшскай Рэспублікі «Грамадзянская супольнасць».

Мы скарысталіся ёй, адна з найбуйнейшых праваабарончых арганізацый Чэхіі выступіла нашым гарантам. І праз паўгода нам удалося атрымаць працоўныя ВНЖ на два гады.

Сказаць, што гэта быў няпросты і хвалюючы працэс — не сказаць нічога. (Алгарытм — пад расповедам Андрэя). Але ўсё скончылася добра, і цяпер працэс падаўжэння тэрміну дзеяння дакументаў не выклікае дадатковых складанасцяў. 

Пакуль (у бліжэйшыя некалькі гадоў) я планую заставацца ў Чэхіі. Вяртацца ў Беларусь па-ранейшаму небяспечна, ды і нейкіх светлых перспектыў, на жаль, таксама не відаць. Але ў аддаленай будучыні, пасля змены ўлады, я буду рады паўдзельнічаць у жыцці сваёй краіны. І магчыма нават вярнуся.

«Любая змена працадаўцы пакуль што выглядае малаверагоднай»

У маёй кампаніі супрацоўнікі працуюць у розных рэжымах. З пачаткам вайны, па зразумелых прычынах, стала значна больш тых, хто працуе дыстанцыйна. У тым ліку пад абстрэламі, проста з укрыццяў. Суровыя рэаліі жыцця і працы ў краіне, якая сутыкнулася з агрэсіяй.

З асаблівасцяў працы ў Чэхіі згадаю наяўнасць як чэшскага, так і ўкраінскага календара святочных і працоўных дзён — нам іх прапануюць на выбар. Працягласць працоўнага дня ў нас стандартная (восем гадзін плюс гадзіна на абед). У асаблівых выпадках магчымыя перапрацоўкі, якія асобна аплачваюцца.

Унутры кампаніі мы вельмі таварыскія, бо ўсе апынуліся ў цяжкім і шмат у чым падобным становішчы. І стараемся знаходзіць нешта добрае ў новых абставінах, праводзіць вольны час з цікавасцю і задавальненнем.

Ці ёсць у мяне зараз нейкія кар’ерныя перспектывы? У Беларусі іх дакладна не было б.

Але і тут любая змена працадаўцы пакуль што выглядае малаверагоднай. Па-першае, для гэтага трэба свабодна валодаць чэшскай мовай. Па-другое, сам працэс змены працадаўцы для такіх, як я супрацоўнікаў (са звычайным працоўным ВНЖ) суправаджаецца вялікай папяровай валакітай. Якую ў дадатак трэба паспець завяршыць у вельмі сціслыя тэрміны.

«Сярэдняя аднапакаёвая кватэра абыходзіцца ў тысячу еўра ў месяц»

Жыллё мы арэндавалі з дапамогай рыэлтара. Калі мы прыехалі ў Прагу, тут ужо было шмат бежанцаў, і знайсці добрую кватэру было тым яшчэ квэстам. Аднак мне пашанцавала, і праз усяго два тыдні, якія сышлі на пошук кватэры і афармленне дакументаў, удалося ўехаць у нашыя першыя апартаменты. Сярэдняя аднапакаёвая кватэра (тут гэта называецца «1+1») абыходзіцца ў сярэднім у тысячу еўра ў месяц. Камунальныя плацяжы ў асноўным фіксаваныя, з штогадовым пераразлікам. Іх памер моцна адрозніваецца і залежыць ад энергаэфектыўнасці дома, ад уладальніка, раёна і гэтак далей.

Грамадскі транспарт у Празе, напэўна, можна назваць адным з лепшых у Еўропе. Сетка — прычым як дзённага, так і начнога — пакрывае нават адносна аддаленыя раёны горада. Вельмі дакладна прытрымліваецца раскладу, і вельмі чысты. 

Натуральна, у Празе ёсць і тыповыя еўрапейскія нюансы. Тут складана знайсці супермаркет, які працуе пасля 10 вечара, або аптэку, адкрытую ў выходны дзень. Але да гэтага хутка прызвычайваешся і падладжваешся.

Так як я працаўладкаваны па кантракце, у мяне ёсць стандартная дзяржаўная медыцынская страхоўка, якая пакрывае большую частку медабслугоўвання і, пры неабходнасці, лячэння. Чуў шмат гісторый пра тое, як тут складана знайсці вузкага спецыяліста і запісацца да яго. Але я з падобнымі праблемамі не сутыкаўся. Заўжды знаходзіўся патрэбны спецыяліст і свабоднае «акенца» ў яго раскладзе.

Чэшскія прадукты адрозніваюцца ад беларускіх. У Чэхіі прыкметна менш рыбы і практычна няма звыклых нам вараных каўбас і вяленага мяса. Чэшская кухня спецыфічная і тлустая, але з часам да ўсяго прызвычайваешся. Кажучы пра Чэхію, нельга прамаўчаць пра піва: тут ёсць самае мяккае піва на любы густ і ў велізарным асартыменце.

«Хутчэй за ўсё, ты заўсёды будзеш для іх «цізінцам» (замежнікам)»

Чэхі значна больш закрытыя людзі, чым беларусы. Нават калі ты завядзеш тут новых прыяцелеў, ты наўрад ці станеш для іх сябрам. Хутчэй за ўсё, ты заўсёды будзеш для іх «цізінцам» (замежнікам). Але ў гэтым няма нічога страшнага. 

Гэта ніяк не ўплывае на зносіны ці ўзаемаадносіны. Проста заўжды ёсць нейкая дыстанцыя, і яна, як правіла, крыху большая, чым гэта прынята ў нас.

Да пераезду я мала ведаў пра Чэхію, таму са стэрэатыпаў пра чэхаў мне былі вядомыя толькі любоў да піва і да тлустай ежы. Гэтыя стэрэатыпы пацвердзіліся цалкам. Але гэта цудоўная краіна з выдатнымі людзьмі. Крыху іншымі, чым мы — але гэта абсалютна нармальна.

Нягледзячы на пэўную закрытасць чэхаў, да беларусаў яны ставяцца станоўча, з павагай і разуменнем. Многія людзі чулі пра сітуацыю ў нашай краіне пасля падзей 2020 года.

У Чэхіі дастаткова дружная беларуская дыяспара. Нярэдка праходзяць культурныя мерапрыемствы, канцэрты і, вядома, сумесныя паходы «на півічка». У мясцовых беларусаў ёсць некалькі жывых чатаў, дзе заўсёды гатовыя дапамагчы.

Пастаянна падтрымліваю сувязь і з блізкімі, якія засталіся ў Беларусі. Часта з імі стэлефаноўваемся, перапісваемся, абменьваемся навінамі. Па зразумелых прычынах у госці да іх ехаць не спяшаюся, хоць і вельмі сумую.

Цяжкасці з чэшскай мовай у мяне ёсць дагэтуль, хоць і пражыў тут ужо каля трох гадоў. Уплываюць недахоп часу і, напэўна, звычайная чалавечая лянота. Не ўпэўнены, што і ў бліжэйшыя гады наганю. Але для любых узаемадзеянняў з дзяржструктурамі добры ўзровень мовы проста неабходны.

У Чэхіі я пражыў ужо каля трох гадоў. Пакуль не магу сказаць, што стаў тут «сваім». Але такой мэты я для сябе і не ставіў. Ці атрымалася пабудаваць больш-менш камфортнае жыццё? Дакладна так. А вось у тым, каб адчуваць сябе беларусам у любой кропцы свету, не бачу нічога дрэннага.

У маім цяперашнім жыцці захоўваецца месца для беларускай культуры. Музыка, напрыклад — у маім жыцці вельмі шмат месца адведзена беларускім артыстам, і я заўсёды з задавальненнем адкрываю новыя імёны сваім знаёмым. А яшчэ кухня. Кожны раз, калі сябры — не беларусы трапляюць да нас на дранікі, яны адмаўляюцца верыць, што ў гэтай страве няма нейкага таемнага інгрэдыента.

На ўключэнне ў візавую праграму МЗС Чэхіі «Грамадзянская супольнасць» могуць прэтэндаваць беларусы і беларускі, якія ўдзельнічалі ў барацьбе за свабоду, абаранялі правы чалавека альбо з’яўляюцца прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ або акадэмічнай сферы.

Алгарытм такі:

1. Трэба звярнуцца да адной з недзяржаўных арганізацый, якія могуць выступіць гарантамі перад МЗС. Спіса гарантаў няма ў адкрытым доступе. Здаецца, даступная опцыя — зрабіць гэта праз офіс дэмсіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы. 

Важна: МУС Беларусі ўнесла ў спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў групы грамадзян, аб’яднаныя пад назвамі, у прыватнасці, «Каманда Святланы Ціханоўскай», «Офіс Святланы Ціханоўскай». Фармальна офіс у Чэхіі не фігуруе ў такіх спісах. Аднак калі для вас гэта стоп-фактар, варта ацаніць рызыкі ў вашай сітуацыі. 

У электронным лісце пажадана апісаць не толькі свой актывісцкі бэкграунд, але і цяперашнюю сітуацыю, каб супрацоўнікі офіса разумелі, у якой краіне знаходзіцца чалавек, на падставе якіх дакументаў, ці не заканчваецца ў яго ў найбліжэйшай будучыні тэрмін дзеяння пашпарта і гэтак далей. 

2. Пасля аналізу выпадку і верыфікацыі заяўніка офіс рэкамендуе яго адной з арганізацый-гарантаў — або адмаўляе.

3. Ад гаранта заяўнік атрымлівае анкету, якую трэба будзе запоўніць для ўключэння ў праграму. А пасля ўзгаднення кандыдатуры з МЗС Чэхіі — яшчэ і спіс неабходных дакументаў для падачы і дату падачы. 

Падача дакументаў па візавай праграме «Грамадзянская супольнасць» магчымая не толькі праз пасольства Чэхіі ў Беларусі, але і праз іншыя чэшскія пасольствы, калі чалавек ужо быў вымушаны пакінуць Беларусь. Калі беларус ці беларуска дабраліся да Чэхіі і знаходзяцца ў ёй легальна, дакументы варта падаваць у МУС гэтай краіны.

Візавая праграма МЗС Чэхіі «Грамадзянская супольнасць» дазваляе падаваць дакументы на наступныя тыпы віз і дазволаў на пражыванне:

Удзельнікамі праграмы таксама могуць стаць блізкія родзічы заяўніка: мужы і жонкі, непаўналетнія дзеці, дарослыя дзеці, якія знаходзяцца на ўтрыманні, партнёры, якія пастаянна пражываюць у адной хатняй гаспадарцы, уключаючы партнёраў ЛГБТ-супольнасці. 

Для членаў сем’яў заяўнікаў магчымая падача дакументаў на:

Акрамя гарантый ад чэшскай недзяржаўнай арганізацыі, для падачы на кожны з гэтых тыпаў дакументаў будзе патрэбны звычайны для такіх выпадкаў пакет папер.

Падрабязней пра неабходныя дакументы напісана ў чэшскім законе, які рэгулюе знаходжанне іншаземцаў на тэрыторыі Чэхіі, і на сайце МУС. 

Паводле слоў дырэктара офіса Крысціны Шыенак, на ўключэнне ў візавую праграму МЗС Чэхіі рэкамендаваны ўжо некалькі дзясяткаў грамадзян і грамадзянак Беларусі. Адхілена пры гэтым была толькі пара заявак. Напрыклад, у выпадку, калі ў чалавека ўжо была аформлена міжнародная абарона ў Польшчы. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула