СМІ назвалі вінаватымі ў забойстве азербайджанцаў чатырох кіраўнікоў паліцыі Екацярынбурга
СМІ ў сераду пачалі распаўсюджваць спіс «меркаваных вінаватых у забойстве азербайджанцаў». У яго трапілі начальнік упраўлення МУС Расіі па Екацярынбургу і трое ягоных намеснікаў, піша «Агенцтва».
Першым спіс апублікаваў у сваім тэлеграм-канале ўкраінскі праект Evocation (на сайце апісваецца як «база расійскіх прапагандыстаў і памагатых акупацыйнага рэжыму, заснаваная на інфармацыі ад добраахвотнікаў»).
У допісе Evocation указана, што за перавышэнне службовых паўнамоцтваў паліцэйскімі, якое прывяло да гібелі двух азербайджанцаў, адказваюць чацвёра чалавек з кіраўніцтва Упраўлення МУС па Екацярынбургу. Канал апублікаваў іх фатаграфіі, дакументы, тэлефоны, электронную пошту і спасылкі на акаўнты ў сацсетках.
Пазней спіс перадрукавалі шэраг азербайджанскіх СМІ.
Кіраўніком «злачыннай групоўкі» Evocation назваў палкоўніка Віктара Пазняка. Ён з лютага 2025 года займае пасаду начальніка Упраўлення МУС Расіі па Екацярынбургу. Да гэтага быў намеснікам кіраўніка ўпраўлення па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў.
Астатнія трое — яго намеснікі: кіраўнік следчага ўпраўлення палкоўнік Мікалай Пачаявец, падпалкоўнік Рафаэль Хамідулін і начальнік аддзела па рабоце з асабовым складам падпалкоўнік Аляксандр Смірных.
У пятніцу падчас масавага рэйду па месцах пражывання і працы азербайджанцаў у Екацярынбургу былі затрыманыя каля 50 чалавек, двое з іх — браты Зіядздзін і Гусейн Сафаравы — загінулі.
Пасля гэтага ўлады Азербайджана запатрабавалі ад Крамля разабрацца ў сітуацыі. Пасля таго як Масква дала зразумець, што лічыць пераслед азербайджанцаў законным, у Азербайджане пачаліся затрыманні і арышты расіян.
Чытайце таксама:
Чаму зноў сапсаваліся адносіны паміж Расіяй і Азербайджанам. З'яўляюцца дэталі справы
У Азербайджане зрабілі экспертызу смерці братоў, якія загінулі ў Екацярынбургу пры затрыманні
У Азербайджане паказалі, як затрымлівалі кіраўнікоў мясцовага філіяла расійскага «Спутніка» ВІДЭА
У Азербайджане паказалі, як выглядаюць затрыманыя расіяне. Яны моцна збітыя ФОТЫ