Студэнтка, якая ўцякла ад арышту ў 2020-м, працуе на крайняй поўначы Нарвегіі і зразумела скандынаўскі рэцэпт шчасця
Настассі Пятровіч 25 гадоў. У 2020 годзе мінчанка пакінула БДЭУ і Беларусь, ратуючыся ад допытаў. Наста паступіла на вучобу ў Нарвегію і засталася там жыць. «Нашай Ніве» яна расказала пра сваю працу, хлопца-нарвега, цяжар палярнага дня, цэны і скандынаўскую філасофію жыцця «фрылюфцліф».
Настасся Пятровіч. Фота: фэйсбук-старонка гераіні
«У Беларусі я не адчувала такой моцнай прыналежнасці да чагосьці, як тут я адчуваю да гэтага маленькага гарадка, да людзей», — кажа беларуска.
Наста жыве ў Альце — гэта гарадок на 16 тысяч чалавек у вусці ракі Алтаэльва ў адным з самых паўночных рэгіёнаў Нарвегіі. Менавіта сюды турысты з усяго свету прыязджаюць глядзець на паўночнае ззянне.
Настасся Пятровіч на фоне паўночнага ззяння. Фота: асабісты архіў гераіні
Дзяўчына стараецца ў сваім лёсе бачыць пазітывы.
«У Мінску я сядзела ў асноўным у сваім Уруччы і выязджала толькі на вучобу. Тут горад невялікі, рабіць не так шмат можна тут, але пры гэтым тут прырода — яна паўсюль. І ў любы момант, калі табе сумна ці ў цябе ёсць вольны час, калі пагодна, лёгка выйсці на вуліцу і апынуцца недзе там — у гарах, каля фіёрдаў і так далей», — тлумачыць беларуска.
У некаторых гарадах на поўначы Нарвегіі алені ходзяць па вуліцах як у Беларусі — дваровыя каты ці сабакі. Фота: асабісты архіў гераіні
«Палярны дзень — сапраўдны выклік»
Зіма ў Альце цягнецца сем месяцаў на год: снег выпадае ў сярэдзіне кастрычніка і растае толькі пры канцы мая. Узімку тут ад мінус 10° да мінус 20°C, а ўлетку да +20°C, хаця бывае і цяплей. Цяпер у рэгіёне палярны дзень — два месяцы няспынна свеціць сонца. Узімку, наадварот, настае палярная ноч.
«Да палярнай ночы я адаптавалася, для мяне гэта зусім не праблема. А вось палярны дзень, нават праз столькі гадоў, гэта сапраўдны выклік. Я вельмі кепска сплю, таму што мозг не разумее, што пара спаць, калі табе сонца проста ў вокны свеціць пастаянна».
Наста згадвае гісторыю, як яны з хлопцам набылі вялікі набор лега і хацелі збіраць яго некалькі дзён. А 7 раніцы аднаго дня пачалі, паелі, працягнулі збіраць і бачаць — на гадзінніку зноў 7 раніцы. Так за справай, з-за заўсёднага сонца, не заўважылі, як мінулі суткі.
Хайк у палярны дзень, на здымку — другая гадзіна ночы. Фота: асабісты архіў гераіні
Да палярнай ночы беларусцы прызвычаіцца было прасцей — галоўнае, кажа яна, мець дакладны план спраў на дзень і пастаянна сябе чымсьці займаць. Іншаземцы часта п’юць вітамін D з рыбіным тлушчам, але нарвежцы не робяць увогуле нічога: кажуць, «я тут нарадзіўся, маё цела было створанае для таго, каб жыць тут».
Мясцовыя лічаць, што няма дрэннага надвор’я — бывае толькі дрэннае адзенне. І да гэтага Наста таксама прывыкала, вучылася выдаткоўваць шмат грошай на добрую зімовую вопратку.
На другі-трэці год у краіне дзяўчына пачала размаўляць па-нарвежску і ўжо лёгка камунікуе з тутэйшымі людзьмі. Напрыклад, незнаёмыя бабулі ў краме могуць расказаць ёй нешта пра сваё жыццё.
«Я ўсё яшчэ не зусім як нарвежцы, якія ў мінус 20°C выходзяць на лыжах ці спяць у палатках, але я вучуся насалоджвацца тым, што вакол столькі свабоды, столькі прыгажосці.
Самая галоўная адаптацыя, якая адбылася, гэта тое, што тут вельмі шмат завязана на людзях. Усе ведаюць адзін аднаго ці праз два поціскі рукі. Дзякуючы гэтаму я тут хутка знайшла хлопца і працу. Я адчуваю сябе часткай кам’юніці», — кажа яна.
Філасофія «фрылюфцліф»: з гарадскога жыцця трэба перыядычна вяртацца да прыроды
Нарвегію Наста абрала, бо там можна было адразу вучыцца англійскай мове і атрымліваць стыпендыю па праграме Students At Risk («Студэнты пад пагрозай»).
Наста на выпускным з хлопцам і яго бацькамі. Фота: асабісты архіў гераіні
Да ад’езду з Беларусі дзяўчына вучылася на чацвёртым курсе БДЭУ — па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне турыстычнымі комплексамі». 12 лістапада 2020 года, калі пачаліся затрыманні ўніверсітэцкіх актывістаў, дзяўчына выехала ў Кіеў.
У Нарвегіі яе праграма называлася Arctic Adventure Tourism (Арктычны турызм), беларуска скончыла яе мінулым летам.
Заняткі ва ўніверсітэце былі 3—4 разы на тыдзень, таму амаль адразу Наста пачала працаваць. Спярша — у лагеры, дзе турысты глядзелі паўночнае ззянне. Там трэба было размаўляць з гасцямі і рыхтаваць для іх пляцоўку: распальваць вогнішча, расстаўляць лаўкі.
Група турыстаў, якім Наста праводзіць экскурсію ў Храме паўночнага ззяння. Фота: асабісты архіў гераіні
Са студзеня 2022 года Наста стала гідам: возіць турыстаў па розных пунктах рэгіёна і знаёміць з мясцовай культурай і асаблівай скандынаўскай філасофіяй — фрылюфцліф. Яна аб тым, што з гарадскога жыцця трэба перыядычна вяртацца да каранёў, да прыроды.
«Завяршаю гэта ўсё тым, што вось аднойчы вы вяртаецеся ў Вялікабрытанію, ці Амерыку, ці кудысьці яшчэ — і вам сумна, вы адчуваеце, што ваша галава не ў правільным месцы…
Проста ўспомніце, як вы былі ў Нарвегіі. Як вы даведаліся пра гэту філасофію — што вам трэба вярнуцца да вашых каранёў, да зямлі, і проста адчуць, што вы ўсё яшчэ адзіныя з зямлёй, з маці-прыродай. Гэта павінна вам дапамагчы пераадольваць нейкія жыццёвыя цяжкасці».
Традыцыйная ежа, якую любіць Наста, — аленіна, і гатэль з лёду ў Альце. Фота: асабісты архіў гераіні
Асноўная частка турыстаў у Альце — наведвальнікі з круізных лайнераў. Часта гэта французы, амерыканцы, аўстралійцы, іспанцы і іншыя госці з далёкіх ад Нарвегіі краін.
Наста з калегамі. Фота: асабісты архіў гераіні
Экскурсіі Наста праводзіць на англійскай і, часам, на іспанскай мовах. А з кіроўцамі аўтобусаў камунікуе па-нарвежску. Так за дзень яна можа размаўляць на трох мовах, пасля чаго «мозг разрываецца». Але працу сваю Наста вельмі любіць:
«Ніколі не думала, што ў сваім жыцці скажу такое: я абажаю сваю працу, шчыра яе люблю. Прыходжу часам на выходных, каб папрацаваць. Гатовая брацца за любую працу, сядзець у офісе больш, таму што абажаю тое, што раблю».
«Ёй 98 гадоў, а яна даследуе свет»
Саам, у якога Наста набывае аленіну, і 98-гадовая брытанка. Фота: асабісты архіў гераіні
Аднойчы ў яе групе апынулася 98-гадовая турыстка з Вялікабрытаніі. Бабуля паехала ў круіз адна — на калясцы, бо цяжка ёй было хадзіць. Муж жанчыны памёр, дзеці жылі далёка.
«Яна задавала столькі пытанняў аб тым, як тут жыць, як адаптавацца, якія тут ёсць традыцыі, якія адрозніваюцца ад майго дома. У яе было столькі зацікаўленасці! Ёй 98 гадоў, а ў яе ўсё роўна ёсць смеласць і жаданне даследаваць свет.
Хай і ў адзіноце, але яна настолькі лёгка камунікавала з усімі ў аўтобусе, што была нібы знакамітасць на гэтым круізе. І любімая частка працы — як я заўважаю, што яны ўлюбляюцца ў гэта месца дзякуючы мне», — распавядае Наста.
«Турысты могуць ляпнуць дурасць»
Часта ў турах бывае шмат стрэсу, кажа Наста. Напрыклад, турысты не слухаюць яе інструкцый аб тым, як паводзіць сябе на лёдзе — калі ўпасці, бліжэйшая медычная дапамога будзе за гадзіну язды, а паўнавартасных бальніц у Альце агулам няма.
Могуць абражаць мясцовых жыхароў — саамаў, народнасць Паўночнай Еўропы. Іх у традыцыйных касцюмах можна пабачыць на службе ў царкве ці ў спецыяльных турыстычных пасяленнях, але агулам яны жывуць разам з усімі нарвежцамі.
«Турысты могуць ляпнуць нейкую дурасць, накшталт, «а мы думалі, у іх будуць азіяцкія вочы». Ці «вы экзатычна выглядаеце. Дзіва што вас рэпрэсавалі». У такія момант становіцца вельмі няёмка».
Вёска Маазі, дзе жывуць саамы. Фота: асабісты архіў гераіні
Праз непагадзь на поўначы часта закрываюць дарогі, здарыцца гэта можа і наўпрост пасярэдзіне тура Насты. Тады і вялікі круіз можа не адплыць у час, бо чакае людзей.
«Гэта заўсёды вялікі стрэс, таму што ты разумееш, што нічога зрабіць не можаш. Спрабуеш данесці да людзей, што гэта нармальная сітуацыя для нас, што мы тут да гэтага звыклі. А гасцям здаецца, што гэта канец свету», — кажа дзяўчына.
Тур на сабачых запрэжках і Наста на хайку. Фота: асабісты архіў гераіні
Пры гэтым турысты вяртаюцца да Насты. Яна згадвае гісторыю, як на другі ці трэці год працы да яе зноў прыехала пара, якая ўжо была на мінулых экскурсіях. Яны сказалі, што запомнілі беларуску праз яе смешныя гісторыі пра тое, з якой любоўю яна распавядае пра рэгіён.
«Той факт, што асацыююся ў іх як амбасадар паўночнай Нарвегіі, гэта неймаверна прыемна. Што мая праца — гэта не проста, што людзі паслухалі і забылі, а што яны сапраўды памятаюць нават праз гады».
«Праблем фінансавых няма»
Першы час у Нарвегіі Наста жыла выключна на стыпендыю — каля 1100 еўра. Тады, каб сэканоміць, набывала ў крамы прадукты самай таннай маркі. Таксама ў Альце былі месцы, дзе людзі з фінансавымі праблемамі маглі ўзяць для сябе прадукты. Туды Наста пару разоў заходзіла, калі было мала грошай.
З падпрацоўкай стала прасцей, згадвае яна. Цяпер беларуска працуе ў асноўным у офісе — за занятасць на палову стаўкі яна атрымлівае прыблізна 1800 еўра. Дадатковыя грошы дзяўчына зарабляе, калі вядзе туры. Агулам атрымліваецца каля 3-4 тысяч еўра на месяц.
Кватэру Наста здымае разам з маладым чалавекам — за арэнду 75 квадратных метраў у прыватным доме яны плацяць па 1150 еўра, а разам з электрычнасцю і інтэрнэтам выходзіць каля 1300 еўра.
«Цяпер я жыву камфортна. Мы з маладым чалавекам адкладваем шмат грошай, ні ў чым сабе не адмаўляем. Можам паесці ў рэстаране пару разоў на тыдзень, купіць вялікі лега, з’ездзіць у адпачынак два разы ў год. Праблем фінансавых ніякіх няма, я сябе так камфортна ў жыцці не адчувала», — прызнаецца дзяўчына.
Беларуска кажа, што нязручна бывае толькі праз нарвежскую бюракратыю і медыцыну. У Альце ёсць толькі паліклінікі, нават нараджаць людзі едуць у іншае месца. Да таго ж, каб трапіць да доктара, трэба станавіцца ў чаргу на некалькі месяцаў.
Наста ў працоўнай камізэльцы. Фота: асабісты архіў гераіні
Сям'я дзяўчыны жыве ў Іспаніі — з роднымі яна бачыцца два разы на год. Сябры, якіх Наста знайшла за чатыры гады ў Альце, паступова раз’язджаюцца на поўдзень краіны.
Лічыцца, што на поўначы іншаземцы могуць атрымаць першы працоўны досвед, кантакты, але потым — рухацца далей. Але для сябе Наста вырашыла, што не хоча нікуды выязджаць.
«Для мяне Альта — гэта дом, я тут сябе адчуваю настолькі камфортна і датычнай да ўсяго, што не ўяўляю сябе дзесьці яшчэ. Я так шмат вывучыла пра рэгіён, пра Паўночную Нарвегію, так праніклася гэтым месцам»
(…) Апошнія пяць гадоў у Беларусі я была неймаверна задушанай, проста ляжала дома ў ложку ў асноўным, не бачыла ніякай будучыні. А тут я пастаянна адчуваю сябе шчаслівай, насамрэч. Бываюць дні, як ва ўсіх, калі мне трошкі сумна. Але гэта норма. У асноўным я тут шчаслівая, сапраўды».
Настасся Пятровіч. Фота: асабісты архіў гераіні
{DONATE_PAYPAL}