БЕЛ Ł РУС

Украінскі вайсковец знайшоў каля беларускай мяжы зубы маманта

2.07.2025 / 22:27

Nashaniva.com

Падчас нясення службы непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы вайсковец з Ровеншчыны выпадкова знайшоў парэшткі маманта, паведамляе Ровенская абласная дзяржаўная адміністрацыя.

Фота: facebook.com/RivneODA

Знаходку зрабіў вайсковец Сяргей, які служыць з 2014 года і раней удзельнічаў у антытэрарыстычнай аперацыі. Падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі ён знаходзіўся на Сумшчыне, а пазней ягоную часць перакінулі на поўнач Ровеншчыны, і менавіта там ён трапіў на нечаканую знаходку. На той момант Сяргей якраз рыхтаваўся да звальнення са службы.

Падчас умацавання пазіцый мужчына звярнуў увагу на незвычайны колер і тэкстуру глебы. Калі пачаў расчыстку яе, убачыў нешта, што нагадвала зуб. Спачатку падумаў, што гэта звычайны камень, але форма і фактура былі дзіўныя.

Фота: facebook.com/RivneODA

Пра знаходку Сяргей паведаміў ва ўпраўленне па справах ветэранаў Ровенскай аблдзяржадміністрацыі. Дзякуючы супрацоўніцтву з навукоўцамі парэшткі маманта перадалі ў Здолбунаўскі краязнаўчы музей.

Як расказаў дырэктар музея Аляксандр Чыжэўскі, знойдзеныя зубы, хутчэй за ўсё, належалі маманту, які жыў на тэрыторыі старажытнай Валыні больш за 12 тысяч гадоў таму.

Паводле яго слоў, гэтая знаходка каштоўная не толькі як палеанталагічны артэфакт, але і як сімвал часу: «Абаронца краіны капае акоп і знаходзіць сведчанне дагістарычнай эпохі».

Зубы маманта ўжо прынялі на ўлік і ў будучыні ўнясуць у Электронны дзяржаўны рэестр нацыянальнага музейнага фонду.

Чытайце таксама:

Польскія мытнікі знайшлі ў машыне немца, які ехаў з Беларусі, біўні маманта

Навукоўцы стварылі «шарсцістую мыш» з прыкметамі маманта. Магчыма, праз некалькі гадоў адродзяць і вымерлага гіганта

Амерыканскі стартап плануе да 2028 года адрадзіць мамантаў

Са дна Сожа ў Гомелі паднялі вялікі рагаты чэрап. Кажуць, што гэта старажытны бізон

Каментары да артыкула