БЕЛ Ł РУС

«Ты пабачыш і пачуеш. Гэта будзе не бомба, а бомбішча». Раніцай 2 ліпеня Павел Латушка атрымаў ліст ад асобы, якая пастаянна атакуе яго

3.07.2025 / 9:5

Nashaniva.com

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў «Белсату» напад на сябе, што адбыўся ў сераду падчас урачыстага сходу ў Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта ў прысутнасці афіцыйных асобаў Польшчы і дыпламатычнага корпусу.

Фота: ОСЦ

33-гадовы беларус Яўген Казанцаў кінуў у Паўла Латушку сметніцу і крычаў на ўсю залу, што той «здраднік і хацеў спаліць апазіцыянераў», паўтараючы словы Аляксандра Лукашэнкі, агучаныя ім падчас выступу 1 ліпеня.

Павел Латушка перакананы, што здарэнне трэба разглядаць у больш шырокім кантэксце.

«За апошнія тыдні я атрымаў шмат пагрозаў забойства, а таксама магчымага выкрадання з тэрыторыі Польшчы. Гэта былі электронныя лісты, гэта быў прыезд прадстаўнікоў крымінальнага свету, якія пагражалі мне, што я буду, напрыклад, выкрадзены», — апавядае палітык.

Заяву Лукашэнкі пра тое, што Латушка планаваў спаліць усіх лідараў апазіцыі на чале са Святланай Ціханоўскай 9—10 жніўня 2020 года, кіраўнік НАУ называе абсалютнай хлуснёю і падкрэслівае, што на той момант не быў ні ў апазіцыі, ні ў дэмакратычных сілах, а ўзначальваў Купалаўскі тэатр.

2 ліпеня зранку Павел Латушка атрымаў электронны ліст ад асобы, якая рэгулярна яго атакуе.

«Гэтая асоба, як я мяркую, звязаная са спецслужбамі, з КДБ Беларусі, — расказаў палітык «Белсату». — Мне прыйшла інфармацыя, што пачынаецца маё знішчэнне, што ўсё, што сказаў Лукашэнка, найбліжэйшымі днямі будзе бачна. «Ты пабачыш і пачуеш. Гэта будзе не бомба, а бомбішча» — там такія словы. І яшчэ дадае, што ўсе гэтыя матэрыялы, якія мы пабачым, Кіт Келаг глядзеў падчас сустрэчы з Лукашэнкам».

Пасля гэтага ліста намеснік Святланы Ціханоўскай даведаўся, што расійскім спецслужбам былі перададзеныя звесткі ягонага пражывання на тэрыторыі Польшчы, і гэта, паводле словаў палітыка, пацверджаная інфармацыя. Наступным здарэннем стаўся ўласна напад у Варшаўскім універсітэце.

«Падчас майго запланаванага выступу да мяне бяжыць чалавек і кідае ў мяне прадметам. Псіхалагічна, канешне, ты рыхтуешся да атакі. Не было ніякага страху, але псіхалагічна я рыхтаваўся, што зараз будзе ўдар. Той чалавек крычаў, што я здрайца і вінаваты ў тым, што хацеў спаліць усю беларускую апазіцыю. Я разумею, што гэта чалавек, які, хутчэй за ўсё, у ланцужку ўсіх тых падзеяў, што адбываліся апошнімі тыднямі і, у тым ліку, звязаныя з тым учорашнім выказваннем Лукашэнкі», — кажа Латушка.

Кіраўнік НАУ спадзяецца, што следства вызначыць матывы Казанцава, а таксама ці была гэта запланаваная правакацыя, ці паўплываў расхістаны псіхалагічны стан нападніка.

Палітык зазначыў, што падчас ягоных сустрэчаў са спецслужбамі і ў Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы яго інфармавалі пра тое, што «на сённяшні дзень даволі лёгка завербаваць нашых суграмадзянаў, але не толькі, а ў тым ліку і грамадзянаў іншых краінаў за тысячу — дзве тысячы еўраў, каб учыніць правакацыю, а за трошкі большую суму — забойства».

«Таму я не выключаў бы сітуацыі, што гэта, магчыма, было арганізавана за нейкую суму грошай. Так мне падалося з ягоных паводзінаў падчас гэтай атакі на мяне», — кажа Павел Латушка.

Казанцава затрымалі. Намеснік Ціханоўскай зазначыў, што не размаўляў з нападнікам і не планаваў гэтага рабіць. Палітык падзякаваў беларусам, якія былі побач з ім падчас нападу і ўзяліся яго ахоўваць.

«Падтрымаў мяне намеснік кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы. Там быў міністр, амбасадар Чэхіі, прадстаўніца амбасады Грузіі, кіраўніцтва ўніверсітэту, шмат паважных асобаў, у тым ліку прадстаўнікі ўраду, прэзідэнта і парламенту Польшчы. Думаю, на гэта і было скіраванае гэтае дзеянне — прыцягнуць да яго максімальную ўвагу», — кажа Латушка.

Чытайце таксама:

Правакатар з Беларусі напаў на Паўла Латушку ў Варшаве

Лукашэнка заявіў, што Латушка нібыта хацеў спаліць штаб аб'яднанай апазіцыі ў жніўні 2020 года

Каментары да артыкула