БЕЛ Ł РУС

У Польшчы расказалі, як будзе з 7 ліпеня праходзіць кантроль на мяжы з Літвой

3.07.2025 / 10:25

Nashaniva.com

Памежная служба Польшчы будзе выбарачна правяраць аўтамабілі, якія перасякаюць польска-літоўскую мяжу.

Фота: stražgraniczna.pl

Улады абяцаюць зрабіць памежны кантроль, які ўводзіцца з 7 ліпеня для прадухілення нелегальнай міграцыі, «як мага менш цяжкім», піша Most.

— Мы будзем выбіраць для кантролю транспартныя сродкі, якімі могуць перавозіць нелегальных мігрантаў з літоўскага і латвійскага кірункаў, — заявіў падпалкоўнік Анджэй Стасюлевіч з Падляскага аддзела памежнай службы.

Плануецца, што на польска-літоўскай мяжы будзе 13 пунктаў кантролю. Пасты на аўтамабільных трасах у Будзіску і Агродніках, а таксама на чыгуначнай станцыі ў Трокішках будуць дзейнічаць кругласутачна.

Часовыя пасты могуць з'явіцца на дзесяці мясцовых дарогах, якімі карыстаюцца жыхары памежжа і фермеры, якія апрацоўваюць палі па абодва бакі мяжы.

Акрамя памежнікаў кантроль будуць ажыццяўляць паліцыя, войскі тэрытарыяльнай абароны, транспартная інспекцыя і мытня.

Згодна з распараджэннем Урада, часовы памежны кантроль на польска-літоўскай мяжы будзе дзейнічаць з 7 ліпеня па 5 жніўня. Аднак не выключана, што гэты тэрмін будзе падоўжаны.

Чытайце таксама:

Польшча ўводзіць кантроль на мяжы з Літвой і Германіяй

Каментары да артыкула