БЕЛ Ł РУС

Швейцарскі грамадскі басейн забараніў уваход усім замежнікам — усё праз дрэнныя паводзіны французаў

4.07.2025 / 21:35

Nashaniva.com

Госці з суседняй Францыі лаяліся і купаліся ў бялізне. Цяпер пакутаваць будуць усе замежнікі.

Здымак ілюстрацыйны

У Швейцарыі басейны — для швейцарцаў: у камуне Парантруі ад 5 ліпеня ўводзіцца радыкальнае абмежаванне. У мясцовы адкрыты басейн цяпер у першую чаргу будуць пускаць толькі грамадзян Швейцарыі. Як паведаміла адміністрацыя, замежныя грамадзяне звычайна больш не дапускаюцца — за рэдкім выключэннем, піша BILD.

Вольны ўваход цяпер дазволены толькі швейцарскім грамадзянам, людзям, якія пражываюць на тэрыторыі Швейцарыі, а таксама асобам, што маюць працоўную дамову ў краіне. Замежныя турысты змогуць наведаць басейн толькі пры наяўнасці спецыяльнай карты доступу, якую выдаюць па пацверджанні браніравання ў гатэлі або кемпінгу рэгіёна.

Прычына такога жорсткага кроку — паводзіны турыстаў з Францыі. Паводле інфармацыі ўладаў, сёлета летам з іх боку часта адбываліся розныя інцыдэнты. Парантруі знаходзіцца блізка ад французскай мяжы, і з пачатку купальнага сезону, як сцвярджае адміністрацыя, ужо было выпісана шмат забаронаў на наведванне — у асноўным грамадзянам Францыі.

Як патлумачыў прадстаўнік мясцовай адміністрацыі, французы дамагаліся да маладых жанчын, лаяліся, купаліся ў бялізне, а калі ім рабілі заўвагі, то яны пачыналі паводзіць сябе агрэсіўна.

Паводле адміністрацыі, многія з парушальнікаў прыязджаюць з праблемных раёнаў Францыі. Аднак падкрэсліваецца, што абмежаванне распаўсюджваецца на ўсіх замежнікаў, а не толькі на французаў.

Фактычна, улады вяртаюцца да практыкі часоў пандэміі COVID-19: яшчэ ў 2020 годзе Парантруі абмяжоўваў доступ замежнікаў у басейн, спасылаючыся на рызыку заражэння пры цесным кантакце мясцовых жыхароў з турыстамі з Францыі.

Цяпер жа мэта — забеспячэнне бяспекі ўсіх наведвальнікаў і падтрымка спакойнай, паважлівай атмасферы. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 31 жніўня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула