Чым адрозніваецца бортніцтва ад пчалярства? І чаму вучыліся палякі ў беларускіх бортнікаў
Якім чынам польскія аматары дабіліся ўнясення старадаўняй распаўсюджанай у Беларусі традыцыі ў спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO? І навошта ўвогуле ўсё гэта ў ХХІ стагоддзі? «Белсат» паехаў у Аўгустаў у Польшчы, каб высветліць усё гэта ды пазнаёміцца з сябрамі «Бортнага братэрства».
Заснавальнік Аўгустоўскай мёдасытні Пётр Піласевіч дэгустуе збіцень. Аўгустоў, Польшча. 10 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Бортнае братэрства» — арганізацыя, якая паўстала ў 2006 годзе ў выніку падарожжа некалькіх польскіх энтузіястаў і пчаляроў-аматараў у Беларусь. Адзін з іх, Пётр Піласевіч, паказвае мне свае борці ў лесе пад польскім горадам Аўгустаў і тлумачыць:
«У 2006—2007 гадах я ездзіў у Беларусь. І там борці ў лесе былі часткай пейзажу. Калі я вярнуўся ў Польшчу, то ў 2008 годзе быў першы праект адраджэння бортніцтва, калі да нас запрашалі майстроў бортніцтва з Паўднёвага Уралу, Башкартастану, каб яны паказалі, як гэта рабіць. І я падумаў: навошта везці кагось з Уралу, калі тут побач ля мяжы гэта частка культурнай спадчыны? Я пачаў паглыбляцца ў тэму, і так паўстала «Бортнае братэрства».
Борці ў лесе не далёка ад Аўгустова, Польшча. 10 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Так пакрысе ў Польшчы аднаўляецца даўняя традыцыя збору мёду лясных пчолаў, якая там была ўжо страчаная, хоць працягвае жыць і развівацца ў Беларусі. Польскія аматары вучыліся бортніцтву ў тых, для каго яно было адным са сродкаў выжывання, — палешукоў. Цяпер арганізацыя налічвае больш за 35 сяброў, у тым ліку некалькі беларусаў. Абавязковай умовай для ўступлення ёсць валоданне і апекаванне хоць адною борцю.
Дарэчы, борць — гэта выдзеўбаная калода, якая вешаецца на дрэва, дзе дзікія пчолы і будуюць сабе гняздо. Менавіта ад гэтага слова і пайшла назва бортніцтва. У пэўны момант людзі заўважылі, што пчолы добра абжываюцца ўнутры струхлелых дрэваў, і пачалі самі абсталёўваць для лясных пчолаў такія хаткі, куды час ад часу наведваліся, каб сабраць лішак мёду. Калі дакладна гэта адбылося, сказаць складана. Аднак дакладна да прыходу славянаў на тэрыторыю Беларусі: нават у Музеі бортніцтва, які працуе пры Аўгустаўскай медасытні, дзе спадар Пётр з калегамі варыць пітныя мяды, ёсць борці, старэйшыя за паўтары тысячы гадоў.
Борці ў лесе не далёка ад Аўгустова, Польшча. 10 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Важна, што прынцып стварэння борці застаецца нязменным цягам практычна ўсёй гісторыі. Адно што інструмент для апрацоўвання калоды зрабіўся сучасным. Як пчолы з’яўляюцца ў борці? Пётр Піласевіч тлумачыць, што трэба проста павесіць борць у лесе і чакаць, пакуль пчолы там самыя паселяцца. Вядома, можна і штучна засяліць рой у борць — паводле таго самага прынцыпу, як засяляюць вуллі.
Усярэдзіне борці ставяцца адмысловыя перагародкі, на якія пчолы прымацоўваюць пласціны з мёдам. Дарэчы, менавіта з гэтай прычыны мёд лясных пчолаў смакам моцна адрозніваецца ад мёду з вулля. Бо пры зборы пласціны зразаюцца і выціскаюцца, таму мёд сцякае з усімі наяўнымі смакамі: пяргой і праполісам, мае ў смаку кіслінку ды захоўвае ўвесь спектр водараў, якія ёсць у борці, ажно да эфірнага алею сасны. У прамысловай жа, так бы мовіць, вытворчасці пласціны з мёдам дастаюць з вулля і ўстаўляюць у адмысловую цэнтрыфугу, якая раскручвае пласціны, у выніку чаго мёд зліваецца ў падстаўленую пад цэнтрыфугу пасудзіну.
Пчолы ў адной з борцей у лесе не далёка ад Аўгустова, Польшча. 10 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Яшчэ адно адрозненне — час збору. З вуллёў мёд збіраюць двойчы на год: напрыканцы чэрвеня (такі мёд завецца раннім) і ажно пад кастрычнік (гэта ўжо позні мёд). А вось борці адкрываюць звычайна раз на год: ужо пад канец сезону, бліжэй да зімоўкі пчолаў. Таму смак борцевага мёду мае ў сабе ўвесь букет водараў — з усіх магчымых раслінаў. Адпаведна, ён на 30 % больш насычаны ў смаку і водары, чым звычайны мёд. Але і значна больш дарагі, тлумачыць спадар Пётр:
«Кошт складае ад 100 да 120 еўраў за кілаграм — гэта ў дзесяць разоў больш, чым каштуе добры мёд на прылаўку крамы. Прычына ў вельмі малой колькасці мёду з борці, якую можна сабраць у параўнанні з вуллём. З вулля, напрыклад у Літве, няма праблемы, каб здабыць 60—80 кілаграмаў мёду на год. Некаторыя атрымліваюць і 120. З борці як атрымаем кілаграм-два на год, дык мы задаволеныя. Тыя, хто доўгія гады вядзе борцевую гаспадарку, могуць атрымаць 6—8 кілаграмаў, але гэта максімум».
Колер жа борцевага мёду светла-карычневы, нешта сярэдняе паміж раннім і познім мядамі. У Аўгустаўскай медасытні, дзе спадар Пётр разам з калегамі варыць пітныя мяды розных гатункаў, мы каштуем некалькі мядоў мясцовай прадукцыі ды спрабуем разабрацца ў іх смакавых якасцях.
Заснавальнік Аўгустоўскай мёдасытні Пётр Піласевіч дадае мёд у ёмістасць для варкі збітню. Аўгустоў, Польшча. 10 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Ранні, веснавы мёд мае ў сабе ўвесь зрэз пылку і нектараў раслінаў, якія цвітуць з канца сакавіка да пачатку чэрвеня: тут вярба, дзьмухавец, васількі, розныя віды маркоўніку, ліпа. Як пачынае цвісці ліпа, то мёд збіраецца, каб не было рызыкі дакормлівання пчолаў цукрам у часе сезону. Бо часам у пчалярстве здараецца так, што забіраем з вуллёў мёд, а пасля праз нейкі час пчолам няма чаго збіраць. І тады іх кормяць цукрам. Пасля ўжо пачынаюць цвісці іншыя расліны, і цукар у пчолаў забіраюць. Каб гэтага пазбегчы, мёд збіраецца тады, калі цвіце ліпа. А позні мёд больш густы, цёмны і цвёрды, мае больш інтэнсіўны смак. Тут першую скрыпку грае грэчка», — тлумачыць Пётр Піласевіч.
Дарэчы, крышталізацыя мёду — натуральны працэс. Хоць ранні мёд звычайна хутчэй крышталізуецца, але позні ў выніку робіцца больш цвёрдым: складана нават адкалупаць сабе маленькую лыжачку. Адзіны мёд, які застаецца вадкім працяглы час, — гэта мёд з борці, сабраны ўвесну, напрыканцы сакавіка. Яго звычайна вельмі мала, бо фактычна гэта тое, што пчолы не даелі ў часе зімоўкі. Таму і ў продажы яго не знойдзеш, ды і агулам збіраюць яго няшмат і не заўжды. Але смак у гэтага мёду — проста неймаверны. Я меў шчасце пакаштаваць і скажу, што смачнейшага прадукту пчалінай жыццядзейнасці я ў сваім жыцці не спрабаваў.
Дарэчы, такі смачны мёд збіраюць сапраўды правільныя пчолы. Так, гэта не проста жарт. Бо існуе мноства відаў пчолаў, кожны рэгіён мае характэрныя для сябе. Але цяпер усё перамяшалася з прычыны пагоні за большай прадуктыўнасцю, таму і ў Беларусі можна сустрэць азіяцкіх пчолаў. У Аўгустаўскай пушчы ж дзее закрытая сістэма гадоўлі сярэднееўрапейскай пчалы аўгустаўскай лініі — іншых разводзіць проста забаронена. Спадар Пётр удакладняе: «У Літве гэтую пчалу называюць літоўскай, у Беларусі — сярэднярускай. Гэта від пчалы, натуральны для нашых краёў: калісь ён быў распаўсюджаны ад Уралу да Пірэнэяў».
Ёмістасць для варкі ў Аўгустоўскай мёдасытні. Аўгустоў, Польшча. 10 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Як кажа спадар Пётр, сама здабыча мёду — гэта не галоўная мэта сучаснага бортніцтва ў Заходняй Еўропе: «Борцевага мёду збіраюць вельмі мала. Мы стараемся рэкламаваць бортніцтва як хобі — магчымасць знайсці сваё месца ў лесе, пра якое ты дбаеш і да якога вяртаешся, якое дае табе спакой на душы».
І менавіта дзякуючы запалу такіх аматараў з «Бортнага братэрства» паўстаў супольны праект Міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, у выніку працы якога 17 снежня 2020 года бортніцтва Беларусі і Польшчы было ўнесенае ў спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO. Аднак затым не толькі супольныя праекты, але й візіты ў Беларусь зрабіліся немагчымымі.
Грамата аб уключэнні бортніцтва ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў будынку Аўгустоўскай мёдасытні. Аўгустоў, Польшча. 10 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Ад пачатку, як мы пачалі займацца бортніцтвам, мы хацелі паказаць бортніцтва як супольны элемент спадчыны Рэчы Паспалітай, штось, што можа аб’ядноўваць нас з беларусамі, літоўцамі, украінцамі. Гісторыя прыгожай традыцыі жыцця ў згодзе з прыродай, дзе чалавек спрабуе дастасавацца да прыроды, а не змяняе яе пад сябе», — кажа Пётр Піласевіч.
Жыццё ў згодзе — якраз тое, чаго ўсім нам вельмі хочацца зычыць асабліва ў гэтыя часы.