БЕЛ Ł РУС

Нападніку на Латушку прысудзілі 1400 еўра штрафу і дэпартацыю

5.07.2025 / 8:49

Nashaniva.com

Гісторык Яўген Казанцаў вяртаецца ў Беларусь.

Яўген Казанцаў

Гісторыку Яўгену Казанцаву, які напаў на Паўла Латушку ў Варшаве, прысудзілі штраф у памеры 6000 злотых (больш за 1400 еўра) і дэпартацыю, паведамляе Reform.news.

Нагадаем, пракуратура Варшавы расследавала напад на палітыка Паўла Латушку. Інцыдэнт адбыўся 2 ліпеня 2025 года падчас лекцыі з нагоды 35-годдзя Усходнееўрапейскага інстытута пры Варшаўскім універсітэце.

Па дадзеных пракуратуры, падчас публічнага выступу ў Паўла Латушку быў кінуты смеццевы бак з змесцівам. Акрамя таго, нападнік выкрыкваў у адрас палітыка абразлівыя словы: «здраднік», «ганьба», «забойца», сцвярджаючы, што Латушка нібыта «хацеў спаліць усю апазіцыю».

Вінаватым у інцыдэнце аказаўся грамадзянін Беларусі, студэнт Варшаўскага ўніверсітэта па імені Яўген Казанцаў. Як вызначыла следства, яго дзеянні кваліфікаваныя па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Польшчы — паклёп (арт. 212 §1) і замах на недатыкальнасць асобы (арт. 217 §1), паведамляе прэс-служба акруговай пракуратуры Варшавы.

Ужо на наступны дзень, 3 ліпеня, маладому чалавеку былі афіцыйна прад'яўлены абвінавачванні. На допыце ў якасці падазраванага ён прызнаў сваю віну, раскаяўся і патлумачыў, што дзейнічаў у стане афекту. Паводле яго слоў, учынак быў неабдуманым. Казанцаў таксама прынёс публічныя прабачэнні за тое, што здарылася.

Падазраваны добраахвотна пагадзіўся на прызначанае пакаранне — штраф у памеры 150 дзённых ставак па 40 злотых кожная, а таксама аплату судовых выдаткаў.

Акрамя крымінальнага пераследу, пракуратура прыняла рашэнне аб дэпартацыі студэнта. У адпаведнасці з законам аб замежніках, у дачыненні да Казанцава пададзены афіцыйны запыт у Варшаўскую Памежную службу аб прымусовым вяртанні яго на радзіму.

Як адзначыў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы, пракурор Пётр Антоній Скіба, справа набыла дзяржаўнае значэнне з-за характару і месца здзяйснення злачынства. Парушэнне адбылося ў публічным універсітэце падчас афіцыйнага мерапрыемства, што пагоршыла ацэнку дзеянняў нападніка.

Адразу пасля нападу Казанцаў распавёў журналісту Reform.news пра свае матывы. Мужчына прызнаўся, што ў яго скончылася віза, што «выгарэў» і не змог абараніць навуковую працу. Паводле яго версіі, напад на Латушку дазволіць яму свабодна вярнуцца ў Беларусь.

Выклікаюць недавер словы Казанцава аб «неабдуманасці» ўчынку. За некалькі дзён да інцыдэнту, 29 чэрвеня, ён паспрабаваў сарваць выступленне яшчэ аднаго беларускага палітыка Зянона Пазняка. У той раз Казанцаў выкрыкнуў «Ганьба!» і тут жа збег.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула