Выкладчык БНТУ ведае 14 моў — яго парады вельмі простыя
Выкладчык БНТУ Мікалай Шчарбіцкі вывучыў 14 моў. Акрамя рускай і беларускай, ён ведае англійскую, шведскую, японскую, венгерскую, кітайскую, італьянскую, іспанскую, нямецкую, латынь, арабскую, турэцкую і іўрыт.
Мікалай Шчарбіцкі. Фота: «Смартпрэс»
Пра яго піша «Смартпрэс».
Для Мікалая вывучэнне моў — гэта не проста захапленне, а спосаб пазнаваць свет і будаваць кар'еру (ён выкладае мовы, займаецца перакладамі).
Аднак шлях да паліглоцтва не заўсёды быў гладкім. Напрыклад, венгерскую мову Мікалай называе надзвычай складанай.
«У большасці моў ёсць універсальныя словы, якія можна адгадаць нават без ведання: «лекар» — гэта «доктар» або «медык» амаль усюды. А на венгерскай гэта orvos («орваш») — паспрабуй здагадайся без падрыхтоўкі!»
Многіх дзівіць, як можна ўтрымліваць у галаве столькі моў.
«Мовы, якімі я карыстаюся часта — англійская, руская, беларуская, — заўсёды пад рукой. А тыя, што радзей, напрыклад, іўрыт або латынь, знаходзяцца ў «закансерваваным» стане. Калі мне трэба іх ажывіць, за тыдзень інтэнсіўнай практыкі я магу свабодна загаварыць», — тлумачыць Мікалай.
Тым, хто хоча вывучыць мовы, ён раіць займацца гэтым рэгулярна: лепш 10-15 хвілін кожны дзень, чым гадзіну раз у тыдзень. «Без граматыкі словы — як канструктар без інструкцыі: нібы дэталі ёсць, а што з імі рабіць, незразумела. Вучыце словы ў сказах, у кантэксце. Па першым часе гэта будуць максімальна простыя сказы — літаральна з трох-чатырох слоў. Але менавіта калі мы генеруем маўленне, тады наш мозг працуе ў правільным фармаце і запамінае».
Дарэчы, па назіраннях Мікалая Шчарбіцкага, людзі, якія вывучылі спачатку нямецкую або французскую мовы, з вялікай цяжкасцю асвойвалі англійскую. І наадварот: тыя, у каго першай была англійская, нашмат лягчэй асвойвалі граматыку нямецкай, італьянскай або іспанскай моў.