У Мінску колькасць немаўлят скарацілася на траціну проці 2020 года
Калі ў 2020 годзе ў Мінску нарадзілася звыш 17 тысяч дзяцей, то ў 2024-м колькасць нованароджаных паменшала прыкладна на 5 тысяч — да 12 тысяч.
Такія лічбы назвала «Смартпрэс» загадчыца 4-й жаночай кансультацыі 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, кіраўніца гарадскога цэнтра «Экстрагенітальная паталогія і цяжарнасць» Аляксандра Шкарупа.
Медык прыводзіць і іншую статыстыку па Мінску: узрост 60% цяжарных — ад 30 да 40 гадоў, а колькасць тых, хто чакае дзіця, са спадарожнымі паталогіямі, за апошнія пяць гадоў павялічылася амаль удвая.
«Такім чынам, мы назіраем тэндэнцыю да зніжэння колькасці родаў, павелічэння ўзросту цяжарных жанчын і да росту спадарожных захворванняў, якія могуць ускладняць ход цяжарнасці», — канстатуе Аляксандра Шкарупа.
Раней Белстат упершыню з часоў пандэміі апублікаваў даныя аб нараджальнасці ў Беларусі. У 2024 годзе ў краіне нарадзіліся 58 938 дзяцей — што ўдвая менш, чым было дзесяць гадоў таму (у 2014 годзе на свет з'явіліся 118 697 беларусаў).