БЕЛ Ł РУС

Рабочыя ў Перу знайшлі на будоўлі муміі хлопчыка і жанчыны, якія праляжалі ў зямлі каля тысячы гадоў

6.07.2025 / 9:12

Nashaniva.com

У сталіцы Перу — Ліме — археолагі зрабілі рэдкую знаходку проста на месцы будаўнічых работ. Пры пракладцы газаправода рабочыя наткнуліся на чалавечыя парэшткі ўсяго на паўметра пад зямлёй.

 У сталіцы Перу — Ліме — археолагі зрабілі рэдкую знаходку проста на месцы будаўнічых работ. Фота: AP Photo / Martin Mejia

Як высветлілася, гэта дзве муміі, што праляжалі там каля тысячы гадоў — хлопчыка 10—15 гадоў і маладой жанчыны ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў. Пахаванні адносяцца да даінкскай эпохі, піша BILD.

Знаходкі былі зроблены ў розных месцах аднаго раёна, дзе раней знаходзіліся сельскагаспадарчыя палі. Жанчына была знойдзена «ў сядзячым становішчы, з сагнутымі рукамі і нагамі, загорнутая ў пахавальнае палатно».

Як патлумачыў дэкан Каледжа археолагаў Перу Пітэр Ван Дален, на ўзбярэжжы краіны, у тым ліку побач з Лімай, часта сустракаюцца старажытныя пахаванні.

«Асабліва гэта датычыцца муміфікаваных целаў, якія або высушаны натуральным чынам у пустыні, або апрацаваны паводле культурнай традыцыі — звычайна ў сядзячым становішчы, з рукамі каля твару», — дадаў ён.

Спецыялісты лічаць, што знойдзеныя муміі адносяцца да культуры Чанкай, якая існавала паміж 1000 і 1470 гадамі нашай эры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула