Ціханоўскі расказаў, як сябе паводзіў Коля Лукашэнка на сустрэчы ў СІЗА
«Пяць гадзін у нас сустрэча была, і ён увесь час вось так глядзеў. Адно вока туды, адно туды», — успамінае Сяргей Ціханоўскі ў інтэрв'ю Мікіту Мелказёраву ў праграме «Жыццё-маліна».
Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітзняволенымі 10 кастрычніка 2020 года. Скрыншот з відэа: Сяргей Ціханоўскі паказвае пальцам у кірунку Колі Лукашэнкі і Наталлі Эйсмант
Сяргей Ціханоўскі абверг сцвярджэнне Аляксандра Лукашэнкі, што падчас сустрэчы апошняга з палітзняволенымі ў СІЗА КДБ у кастрычніку 2020 года Ціханоўскі нібыта пагражаў Колю, які там таксама прысутнічаў.
«Ніколі я яму не пагражаў!» — заявіў Ціханоўскі.
— Мне вось што цікава. Калі ты кажаш Колю, зірні, што кажа твой бацька… — спытаў Мелказёраў.
— Што вытварае твой тата… І прызнаецца ў гэтым!
— Як ён адрэагаваў на цябе?
— Коля?
— Коля.
— Коля — ніяк. Коля быў такое дзіця для мяне незразумелае. Раскосы, па-першае. Я яго «раскосым Колем» для цябе называю. Вочы ў яго глядзелі вось так неяк. Ён нічога не казаў увогуле. Пяць гадзін у нас сустрэча была, і ён увесь час вось так глядзеў. Адно вока туды, адно туды. І колькі я да яго ні звяртаўся ў плане таго «глядзі, што твой тата вытварае», ён ніяк не рэагаваў. Маўчаў увесь час. Відаць, яму бацька сказаў маўчаць.
І [Наталлі] Эйсмант я кажу: вось жа [Лукашэнка] прызнае, што ён падкінуў грошы, а ваш муж [Іван Эйсмант] ездзіць па ВНУ і кажа, [што] Ціханоўскі прадаўся, у яго знайшлі 900 тысяч, і круцяць фрагмент размовы з маёй маці, нібыта яна бачыла пакет для смецця, значыць, гэта мае грошы, — расказаў Ціханоўскі.
Эйсмант, па словах Ціханоўскага, у гэты час працягвала здымаць яго на тэлефон.
«Гэта ж перад забастоўкай 25 кастрычніка было, людзей ужо паклікалі на вуліцу, на забастоўку. А ён тут нібыта ўжо пачынае дыялог: прыехаў у СІЗА. Мы ў наручніках, мяне ж уначы паднялі ў 5 гадзін у турме, мяшок на галаву, КДБ у машыне. І… я суткі не еўшы, а ён з намі нібы вядзе дыялог. У наручніках прывезшы. Што гэта, дыялог? … Ну чмо! — рэзка выказаўся Ціханоўскі. — Гэта спецыяльна гэтую карцінку. Я разумею, што гэта пастаноўка. І я яму руку таму і не даў», — расказаў Ціханоўскі.
«[Віктар] Бабарыка [руку падаў Лукашэнку], гэта ўспрыняў, напэўна, як вітанне проста. Але я такому чалавеку не магу руку паціснуць.
Дык я да чаго, каб вы зразумелі, што гэта за чалавек. Я калі вось гэта пачалося пасяджэнне ўсё, ён, як месія, і тут 12 чалавек зняволеных. Спецыяльнай рассадкай такой. Тут тыя, хто здрадзіў. Тут тыя, хто напаўздрадзіў, так, і вось так. А тут вось мы з Бабарыкам.
Зразумела было, што дыялог будзе то са мной, то з Бабарыкам, і камеры так расстаўленыя, вісяць на сценах. Каб здымаць то яго, то нас. Ну, гэта значыць вось як мы інтэрв'ю здымаем. Драматургія ўся пралічаная. Гэта чмо! Яно ў той дзень у навіны не выдала. А далей пачало адтуль відосы лупіць», — з горыччу ўспамінае Сяргей Ціханоўскі.