БЕЛ Ł РУС

Пад Лёзнам будуюць новую кандытарскую фабрыку

6.07.2025 / 16:25

Nashaniva.com

У Лёзненскім раёне Віцебшчыны будуецца новая кандытарская фабрыка — ПТУП «Камунарка-Лёзна», на якой збіраюцца выпускаць своеасаблівае ноу-хау для беларускай кандытарскай галіны. Пра праект расказаў кіраўнік канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег Жыдкоў у інтэрв’ю часопісу «Экономика Беларуси», піша БелТА.

Фота ілюстрацыйнае

Новая фабрыка, як заяўляецца, будзе вырабляць інавацыйныя малочныя цукеркі — прэсаваныя ласункі на аснове сухога малака, а таксама малочныя снэкі-пастылкі з рознымі смакавымі дадаткамі і без іх.

Паводле слоў Алега Жыдкова, летась арганізацыі канцэрна інвеставалі ў развіццё амаль 321 мільён рублёў — гэта значна больш, чым планавалася. Прыбытак прадпрыемстваў стаў галоўнай крыніцай гэтых сродкаў — каля 88%. Частка інвестыцый таксама паступіла з інвестыцыйнага фонду канцэрна, што асабліва дапамагло невялікім заводам, напрыклад, у кансервавай галіне.

Працягваецца інвестыцыйная актыўнасць і сёлета. Напрыклад, бабруйскае прадпрыемства «Чырвоны харчавік» рыхтуецца запусціць новую лінію для вырабу дражэ, якая дазволіць аўтаматызаваць працэс і дакладна дазаваць інгрэдыенты. Мінскі маргарынавы завод мадэрнізуе свае вытворчыя магутнасці, каб вырабляць якасныя тлушчы для кандытарскай вытворчасці, якія цяпер закупляюць за мяжой. Новая лінія будзе выпрацоўваць 50 тон у суткі.

Акрамя таго, на прадпрыемстве «Чырвоны мазыранін» адкрылася новая лінія для вытворчасці ірысу. Цяпер завод зможа вырабляць 440 тон ірысу на год пры адной змене — раней было толькі 175 тон. Выпускаюцца цукеркі з сямю рознымі смакамі, а таксама казінакі.

Чытайце таксама:

Nutella падаражэе? Цэны на фундук падскочылі на 30% з-за неўраджаю

Урад бярэ пад узмоцнены кантроль цэны на мяса, малако і кандытарскія вырабы

На чайным грыбе зарабіў у Польшчы першыя мільёны рэстаратар з Брэста, бізнэс якога ўлады разграмілі ў 2020-м

Каментары да артыкула