Польшча аднавіла кантроль на мяжы з Літвой. Што там цяпер адбываецца?
Ад панядзелка 7 ліпеня Польшча часова аднавіла пагранічны кантроль на мяжы з Германіяй і Літвой. Падарожнікі дзеляцца, як гэта выглядае.
Граніца паміж Літвой і Польшчай. Фота: Google street view
Чаму на межах з Польшчай аднавілі пагранічны кантроль?
Яшчэ з пачатку траўня 2025 года Германія ўзмацніла кантроль на сваіх межах і аднавіла правіла, якое дзейнічала да 2015 года і згодна з якім просьбітам прытулку, якія прыбылі з краін Еўрасаюза, могуць адмаўляць ва ўездзе проста на мяжы. Выключэнне захоўваецца толькі для ўразлівых груп, такіх як дзеці і цяжарныя.
Польскі прэм'ер Дональд Туск быў незадаволены тым, што нямецкія памежнікі вяртаюць у Польшчу просьбітаў прытулку. «Цярпенне Польшчы ў гэтым пытанні на зыходзе, асабліва пасля зменаў, якія ўскладняюць спробы высветліць, ці сапраўды асобы, якія вяртаюцца ў Польшчу, павінны сюды трапляць», — заяўляў Туск.
Пазней Польшча вырашыла аднавіць пагранічны кантроль на межах з Германіяй і Літвой, каб мінімізаваць патокі нелегальнай міграцыі.
Калапсу не адбылося
Беларусы, якія пасля новаўвядзенняў ехалі з Літвы ў Польшчу і назад, дзеляцца назіраннямі ў прыгранічных чатах.
Калі размова ідзе пра перасячэнне мяжы на легкавым аўто, то праверка праходзіць даволі хутка. Польскія памежнікі правяраюць дакументы, у некаторых просяць адкрыць багажнік.
Літоўскі бок не ўводзіў аналагічныя меры ў адказ, таму кантроль у зваротным кірунку адсутнічае — польскія памежнікі правяраюць толькі тых, хто заязджае ў Польшчу, а не выязджае з яе.
Скрыншот: granica_bypl / Telegram
Літоўскі журналіст, які раніцай у панядзелак перасёк літоўска-польскую мяжу на аўто ў пункце пропуска Лаздзіяй-Агароднікі, адзначыў, што на мяжы было без затораў, а сама праверка праходзіла даволі хутка.
А што з аўтобусамі? У гэтым выпадку без затрымкі па часе не абыходзіцца.
Праверка аўтобуса займае каля 30 хвілін. Праўда, варта адзначыць, што польскія памежнікі і без увядзення часовага кантролю часам спынялі турыстычныя аўтобусы для праверкі дакументаў. Цяпер жа правяраюць усе аўтобусы, а не выбарачна, як гэта было раней.
Скрыншот: granica_bypl / Telegram
Колькі будзе дзейнічаць такі рэжым на польска-літоўскай мяжы, дакладна невядома. Мяркуецца, што цягам месяца — такі тэрмін быў агучаны літоўскім міністрам унутраных спраў Уладзіславам Кандратовічам, які ў суботу сустракаўся са сваім польскім калегам.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў такое рашэнне капітуляцыяй перад праблемай.
Прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас, у сваю чаргу, крытычна ацаніў рашэнне Польшчы аднавіць пагранічны кантроль на мяжы з Літвой. Паводле яго слоў, гэта стварае значны дыскамфорт і нязручнасці для людзей, якія вандруюць па Еўропе.