БЕЛ Ł РУС

У Расіі застрэліўся міністр транспарту, зняты з пасады сёння раніцай

7.07.2025 / 16:18

Nashaniva.com

Былы міністр транспарту Расіі Раман Старавойт, якога сёння звольнілі з пасады, напярэдадні застрэліўся ў падмаскоўным Адзінцове, паведамляюць буйныя расійскія тэлеграм-каналы, якія маюць сувязі з сілавікамі.

Раман Старавойт

Раней Старавойт узначальваў Курскую вобласць з 2018-га па май 2024 года. Ягоную смерць пацвердзіў расійскі Следчы камітэт:

«Сёння ў Адзінцоўскай гарадской акрузе ў асабістым аўтамабілі знойдзена цела былога міністра транспарту Расійскай Федэрацыі Рамана Уладзіміравіча Старавойта з агнястрэльным раненнем», — сказана ў паведамленні ведамства.

Папярэдняй прычынай самагубства Рамана Старавойта магло стаць расследаванне крымінальнай справы з яго ўдзелам. Паводле звестак расійскіх тэлеграм-каналаў, чыноўніка падазравалі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Застрэліўся ён, мяркуючы па ўсім, уначы з 5 на 6 ліпеня, яшчэ да афіцыйнага паведамлення пра адстаўку, піша «Медуза».

Пытанні да яго ўзніклі з-за дакументаў, падпісаных ім у якасці кіраўніка аператыўнага штаба Курскай вобласці. У іх ішла гаворка пра дазвол Карпарацыі развіцця вобласці самастойна распараджацца 19 мільярдамі расійскіх рублёў (каля 210 мільёнаў даляраў) з бюджэту і выбіраць субпадрадчыкаў.

Ёсць версія, што Рамана Старавойта збіраліся затрымаць па справе аб крадзяжы каля 15 мільярдаў расійскіх рублёў (каля 190 мільёнаў даляраў) пры будаўніцтве фартыфікацыйных збудаванняў у Курскай вобласці.

Следства мае паказанні супраць Старавойта ад былога кіраўніка карпарацыі Уладзіміра Лукіна і дэпутата Максіма Васільева, якія цяпер знаходзяцца пад вартай.

Таксама правяраецца яго магчымая датычнасць да парушэнняў пры закупцы медыкаментаў для абласных бальніц і да няўдалай транспартнай рэформы ў Курску. Падчас яго кіраўніцтва была заключаная канцэсія на мадэрнізацыю трамвайнай сеткі і закуп новых вагонаў, але праект не быў завершаны — рэканструявалі толькі частку, дамова прыпыненая, а грошы ўжо выдаткаваныя.

Чытайце таксама:

У Рагачоўскім раёне скончыў жыццё самагубствам старшыня сельвыканкама

Экс-прафесар эканамічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта скончыў жыццё самагубствам пасля таго, як аддаў махлярам 650 тысяч даляраў

Скончыў жыццё самагубствам мясцовы дэпутат з Навагрудчыны

Каментары да артыкула