Адзін укол — і слых вяртаецца. Навукоўцы зрабілі прарыў у лячэнні глухаты
Вучоныя здолелі зрабіць сапраўдны прарыў у лячэнні прыроджанай глухаты. Даследчыкі з Каралінскага інстытута разам з калегамі з Кітая правялі клінічнае выпрабаванне, у якім удзельнічалі дзесяць чалавек ва ўзросце ад аднаго да дваццаці чатырох гадоў. Усе яны мелі парушэнне слыху з-за генетычнай мутацыі. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature Medicine.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Удзельнікам выпрабавання зрабілі адзін укол — унутры вуха ўвялі вірус з выпраўленым генам, які адказвае за выпрацоўку бялку атаферліну. Гэты бялок важны для перадачы гукавых сігналаў у мозг.
Ужо праз месяц удзельнікі пачалі лепш чуць, а ў некаторых — асабліва ў дзяцей — вынікі былі вельмі ўражлівымі. Напрыклад, сямігадовая дзяўчынка праз некалькі месяцаў пасля тэрапіі змагла свабодна размаўляць з маці.
Палепшылася і якасць слыху ў дарослых: гучнасць гукаў, якую яны маглі ўспрымаць, знізілася з 106 да 52 дэцыбелаў. Пабочных эфектаў пры гэтым не назіралася, акрамя нязначнага і часовага зніжэння колькасці пэўных крывяных цельцаў.
Даследчыкі падкрэсліваюць, што гэта толькі пачатак. Наступным этапам стане распрацоўка лячэння для іншых, больш распаўсюджаных відаў спадчыннай глухаты.
Гэтае адкрыццё можа змяніць падыход да лячэння слыхавых парушэнняў у будучыні.
Чытайце таксама:
Як у Беларусі шанавалі званы і як званы лячылі людзей
Навукоўцы расшыфравалі ДНК Бетховена і раскрылі некаторыя таямніцы