БЕЛ Ł РУС

«Мне было 15». Былы студэнт абвінаваціў выкладчыка і кіраўніка ансамбля «Белая Русь» у дамаганнях, якія цягнуліся каля года

8.07.2025 / 0:0

Nashaniva.com

Былы студэнт Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў абвінаваціў свайго выкладчыка Анатоля Карповіча, харэографа і кіраўніка ансамбля «Белая Русь», у дамаганнях — калі студэнту было 15 гадоў. Сама ўстанова ўжо адрэагавала — Карповіча адхілілі ад прыёмнай кампаніі. 

Анатоль Карповіч. Фота: сайт МДКМ

«Гэта не пытанне гамасэксуальных адносін — мне не было 18 гадоў, мне было 15. Я выглядаў дзіцем. Гэта, на мой погляд, педафілія», — падзяліўся з «Нашай Нівай» былы студэнт МДКМ Арцём Каўрыга.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Artsiom Kauryha (@artemkauryha)

Цяпер Арцёму Каўрыгу 30 гадоў, ён жыве ў амерыканскім Сан-Дыега і працуе фларыстам.

У роліку, што Каўрыга апублікаваў некалькі дзён таму, ён сказаў, што вырашыў распавесці старую гісторыю менавіта цяпер па дзвюх прычынах: каб самому вылечыцца ад траўмы і папярэдзіць студэнтаў і іх бацькоў.

Арцём паступіў у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў у 2009 годзе. Хлопец пачаў вучыцца на аддзяленні «Народная харэаграфія», якім загадваў Анатоль Карповіч.

«Пра яго даўно ходзяць чуткі. Хадзілі і ходзяць дагэтуль, што гэты чалавек спакушае малалетніх студэнтаў. Але ніхто з гэтымі чуткамі нічога не робіць, і далей за чуткі гэта не заходзіць. Дык вось, з усёй адказнасцю заяўляю, што гэта не чуткі — яно сапраўды так і ёсць. І адным з гэтых студэнтаў быў я», — расказаў Каўрыга ў сваім інстаграме.

Як распавёў Арцём, пасля адной з рэпетыцый у ансамблі Карповіча «Белая Русь» выкладчык папрасіў студэнта адвезці разам з ім канцэртныя касцюмы да яго дадому. Калі яны прыехалі, аказалася, што для студэнта таксама была гатовая і вячэра, падчас якой трэба было піць каньяк. Пасля чарговай чаркі Карповіч запрасіў студэнта выпіць на брударшафт, потым — пацалаваў яго.

«Ён схапіў мяне за патыліцу, пацягнуў да сябе і яго язык апынуўся ў мяне ў роце», — згадаў ён.

Былы студэнт удакладніў «Нашай Ніве», што іх сувязь з выкладчыкам цягнулася «мінімум год» — хлопец не раз быў у харэографа дома, памятае яго абшыты вагонкай балкон. Выкладчык прасіў яго рабіць масаж і займацца з ім аральным сэксам. Апошняе ён яму прапанаваў зрабіць у кабінеце Цэнтра народнай творчасці, дзе праходзілі рэпетыцыі ансамбля «Белая Русь».

Каўрыга забраў дакументы з каледжа на другім курсе і тады іх адносіны з выкладчыкам абарваліся. Цяпер ён думае, што гэта дапамагло яму перажыць сітуацыю. 15 гадоў былы студэнт з Карповічам не камунікаваў, але некалькі месяцаў таму Каўрыга напісаў яму, каб «выцягнуць словы» аб тым, што адбывалася. Мяркуючы па перапісцы з выкладчыкам, якую Арцём паказаў «Нашай Ніве», харэограф адказваў на паведамленні надзвычай па-прыяцельску, згадваючы іх адносіны, «што засталіся ў яго памяці да сёняшняга дня».

Пасля публікацыі роліка Каўрыга напісаў Карповічу. Той перазваніў і сказаў, што не разумее, чаго былы студэнт хоча дамагчыся.

Харэограф тады запэўніў, што яго ўжо звольнілі з каледжа, але выданню «Люстэрка» сказаў аб іншым — што яго адхілілі ад удзелу ў прыёмнай кампаніі.

Выданню «Люстэрка», якое звярнулася да Карповіча ад імя маці абітурыенткі, Карповіч сказаў, што гісторыя былога студэнта — няпраўда, а на экзаменах у гэтай прыёмнай кампаніі яго не будзе.

Па словах Каўрыгі, зараз яму ў інстаграме пішуць людзі 1994, 1999 і іншых гадоў выпуску з каледжа, хто сутыкаўся з падобным. «Камусьці, як мне, 30, камусьці — 50—55, гэта дарослыя мужчыны, яны жывуць у Беларусі», — кажа ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула