Крык душы дзяўчыны, што скончыла медінстытут і з жахам глядзіць на бліжэйшыя пяць гадоў
Дзяўчына з Баранавічаў, якая паспяхова скончыла медінстытут, падзялілася ў тыктоку сваім адчаем: яе на пяць гадоў адпраўляюць у вёску, дзе яна, без досведу, будзе адзінай доктаркай. А яшчэ ёй трэба неяк уладкаваць жыллё і купіць машыну.
Дзяўчыне 24 гады. Яна кажа, што калі ў 17 гадоў паступала ў медыцынскі, то не па сваёй волі пайшла па мэтавым накіраванні.
«На той момант я не ведала, што такое мэтавае. І цяпер, праз час, я пажынаю плады гэтага. І гэта вельмі цяжка, што я, груба кажучы, буду тыпу раб, калі так можна сказаць. І адзінае, чаго я хачу, гэта быць проста свабодным чалавекам у XXI стагоддзі», — у роспачы кажа яна.
Дзяўчына расказвае, што хацела б застацца ў родным горадзе, тут хапае вакансій, ёсць сваё жыллё, а там, куды яе адправілі, у яе няма нічога.
«Я буду працаваць у вёсцы, дзе я буду адзіны доктар. Я недасведчаная, па сутнасці. Да гэтай вёскі яшчэ трэба дабрацца. Так, мне дадуць кватэру, але яна будзе цалкам пустая. Мне трэба знайсці машыну. Добра, што ў мяне ёсць правы, але мне трэба ўсё роўна знайсці машыну, каб ездзіць у гэтую вёску. І я не магу адтуль сысці. Увогуле, не магу. Гэта жахліва. Мне здаецца, я ўжо цяпер разумею, што я губляю сваё жыццё. І, груба кажучы, толькі пасля 30 гадоў я пайду туды, куды хачу», — скардзіцца маладая доктарка.
Яна кажа, што праз такое яе матывацыя заставацца ў прафесіі вельмі ўпала. Хаця праца ёй падабаецца.
Скасаваць гэты кантракт дзяўчына не можа — даводзіць, што гэта каштуе 90 тысяч рублёў.
«Я проста хачу быць свабодным чалавекам, як мінімум, я хачу застацца ў сваім горадзе, у сваім жыллі. Гэта проста жахліва», — у адчаі скардзіцца яна.