Беларускія школьнікі стварылі дзіцячы блакпост на мяжы з Украінай. У іх савецкія нашыўкі і медаль «удзельніка СВА»
Школьнікі патрулююць ваколіцы і дакладваюць памежнікам аб падазроных машынах.
Скрыншот відэа СТБ
Беларускія школьнікі арганізавалі дзіцячы блакпост у вёсцы Глыбоцкае за кіламетр ад мяжы з Украінай. Атрад стварылі хлопцы, якія на лета прыехалі да сваіх бабуль у вёску.
Кіруе блакпастом 14-гадовы Даніла са школы ў Гомелі. Ён ходзіць у кепцы з вялікай нашыўкай у відэа савецкага сцяга і нават з пагонамі старшага лейтэнанта. Такое неафіцыйнае званне яму прысвоілі мясцовыя памежнікі, паведамляе СТБ.
Яшчэ адзін хлопец з атрада прымацаваў да гімнасцёркі дзіўныя медалі. Адна з іх з вялікай літарай Z — сімвал расійскай агрэсіі супраць Украіны. Гэта адзін з шматлікіх варыянтаў медалі «За ўдзел у аперацыі па дэмілітарызацыі і дэнaцыфікацыі Украіны». Такія медалі ўручаюць удзельнікам поўнамаштабнай вайны. Але іх можна набыць і ў інтэрнэце.
Скрыншот відэа СТВ
Удзельнікі дзіцячага памежнага атрада патрулююць мясцовасць з 9 раніцы штодзённа. Яны запісваюць даныя падазроных, па іх меркаванні, машын і выяўляць падазроных людзей.
Яшчэ школьнікі праходзяць тэарэтычную і практычную падрыхтоўку на мясцовай пагранзаставе. Часам памежнікі бяруць хлопцаў на праверку падазронага транспарту.
Добраахвотны атрад узяў сабе назву «Беларусь». Школьнікі прыдумалі сабе статут з 20 правілаў і абралі пазыўныя. Каб патрапіць у склад групы, трэба прайсці адбор — падлеткі ацэньваюць фізічную падрыхтоўку кандыдата і асабістую матывацыю. Судзячы па рэпартажы, у атрадзе ўдзельнічаюць як мінімум 5 чалавек. Для сюжэта на дзяржТБ лідару атрада нават выдалі аўтамат.
Скрыншот відэа СТБ
Камандзір атрада Даніла як узнагароду за ініцыятыву атрымаў ад памежнікаў сапраўдную вайсковую форму. Хлопец кажа, што марыць стаць памежнікам, але здароўе не дазваляе. Ён нават напісаў ліст Лукашэнку, у якім расказаў, што ў краіне ёсць дзеці, якія мараць абараняць Радзіму.