У Брэсцкай вобласці без святла пасля навальніцы засталіся дзясяткі населеных пунктаў
Ад непагадзі асабліва пацярпелі Брэсцкі, Пінскі, Камянецкі, Драгічынскі, Пружанскі, Столінскі і Лунінецкі раёны.
У другой палове дня 7 ліпеня моцны навальнічны фронт прайшоў па Брэсцкай вобласці, ён прынёс шквалісты вецер, які пашкодзіў лініі электраперадач, апоры і дрэвы. Як паведамляе РУП «Брэстэнерга», электразабеспячэнне было парушана ў 89 населеных пунктах.
Навальніца асабліва закранула Брэсцкі, Пінскі, Камянецкі, Драгічынскі, Пружанскі, Столінскі і Лунінецкі раёны. З 17:00 у «Брэстэнерга» пачалі паступаць званкі ад жыхароў з заяўкамі на адсутнасць электрычнасці, найбольшая актыўнасць назіралася ўвечары з 21:00 да 23:00.
Да аднаўленчых работ далучыліся спецыялісты з суседніх раёнаў — Кобрына, Маларыты, Жабінкі, Баранавічаў.
У многіх выпадках спажыўцоў пераключылі на альтэрнатыўныя лініі, што дазволіла хутка аднавіць электразабеспячэнне. Работы працягваюцца: вядуцца замена апор, рамонт правадоў, расчыстка завалаў з дрэваў.