На гарадзішчы на Менцы знайшлі фрагмент амфары з рунай
Руна сімвалізавала вядомае ў германцаў магічнае дрэва і магла служыць у якасці абярэгу. Дагэтуль на Беларусі былі знойдзеныя адзінкавыя прыклады рунічных надпісаў.
Руна «эйваз» на чарапку амфары з раскопак гарадзішча на Менцы. Скрыншот відэа
Пра гэта ў паведаміў музей-сядзіба «Стары Менск» у сваім інстаграме.
Фрагмент глінянай пасудзіны, якую ідэнтыфікавалі як амфару, з нанесенай на яе рунай, стаў першай такой знаходкай на Менцы за ўвесь час раскопак на гэтым археалагічным помніку.
На чарапку добра бачная выскрабеная руна ᛇ («эйваз») — трынаццатая руна старэйшага футарка, як называюць найбольш даўні старажытнагерманскі рунічны алфавіт.
«Гэтая руна азначае дадатковую абарону, звязаную з нейкай затрымкай. Таксама яна азначае дрэва ціс», — тлумачыцца ў відэа.
Сёння магічная сіла рун часта з'яўляецца прадметам спекуляцый эзатэрыкаў і аматараў альтэрнатыўнай гісторыі. Але рэканструяваная прагерманская назва руны *eihwaz (зорачка азначае лінгвістычную рэканструкцыю — НН) сапраўды азначае дрэва ціс, якое з даўняга часу мае магічнае і рытуальнае значэнне ў індаеўрапейскіх культурах, асабліва ў кельцкай і германскай.
Як піша вядомы спецыяліст па рунах Ральф Эліят, з аднаго боку ціс, усе часткі якога былі ядавітымі, асацыяваўся са смерцю, з іншага — гэтая вечназялёная расліна была сімвалам несмяротнасці. Трывалая драўніна цісу, з якой выраблялі ў тым ліку лукі і коп'і, мае моцнае бактэрыцыдныя ўласцівасці, забіваючы мікраарганізмы ў паветры.
Цісавае дрэва, якое дала назву руне. Фота: Wikimedia Commons
Паколькі лічылася, што ціс адпуджвае нячыстыя сілы, магчыма, праз яго бактэрыцыдныя ўласцівасці, яго часта выкарыстоўвалі ў якасці расліны-абярэгу. У Германіі яшчэ ў мінулым стагоддзі была папулярная прымаўка «Vor den Eiben kann kein Zauber bleiben» («Перад цісамі не можа выстаяць ніякае чараўніцтва»).
Гэтае значэнне абярэгу магла пераняць і руна ᛇ, якая азначала «ціс». Дарэчы, руна ᛇ была доўгі час распаўсюджана ў Германіі як рамесніцкі знак, які наносілі на вырабы, а таксама як знак леснікоў і паляўнічых.
У Беларусі знойдзены адзінкавыя рэчы з рунічнымі надпісамі. У Полацку была знойдзена ігральная косць з чатырма знакамі, якія чытаюцца як пажаданне поспеху яе ўладальніку — «выгода, перавага, дабро». На гарадзішчы Маскавічы недалёка ад Браслава знойдзены абломкі касцей з малюнкамі і надпісамі — асобнымі літарамі, лігатурамі ды ідэаграмамі, — якія ўяўляюць сабой дэградзіраванае скандынаўскае бытавое пісьмо, навыкі якога былі страчаны яго носьбітамі. Магчыма, іх нанеслі славянізаваныя скандынавы, ваяры-наёмнікі з дружыны полацкага князя або купцы-скандынавы.
Калі фрагмент посуду з гарадзішча на Менцы сапраўды належыць амфары, тыпу пасудзін, вядомых з часоў Старажытнай Грэцыі і да Візантыйскай імперыі, якія прасціраліся да Паўночнага Прычарнамор'я, то гэта яшчэ адзін прыклад таго, што Беларусь была рэгіёнам, дзе перасякаліся дзе цывілізацыі: грэчаская і вікінгаў.
Гэтай тэме, гісторыі Беларусі на перасячэнні не Захаду з Усходам, а еўрапейскай Поўначы з Поўднем, прысвяціў значную частку сваёй апошняй публічнай лекцыі амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр.
Чытайце таксама:
Беларусь — не ўскраіна, а цэнтр еўрапейскай гісторыі, сцвярджае гісторык Цімаці Снайдэр
Археолагі пачалі раскопкі на пляцоўцы вялікага гарадзішча старадаўняга Менска
Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам